Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Беларускі "Златавуст" Кірыла Тураўскі

Гора будзе ўсім тым, хто не трымаўся кніжнай мудрасці
і наказаў духоўных бацькоў. 

Кірыла Тураўскі
 

   Пісьменнік-прапаведнік, выдатны майстар аратарскай прозы, царкоўны дзеяч ХІІ ст., Кірыла Тураўскі быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Ён выдатна ведаў Святое Пісанне, класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, валодаў многімі мовамі. Праведнае жыццё, адукаванасць, красамоўства зрабілі імя царкоўнага дзеяча вядомым яшчэ ў маладосці.
   У творчай спадчыне асветніка – аповесці, малітвы, "словы", павучанні, пасланні, каноны, якія вызначаюцца ўзнёсласцю, лірызмам, эмацыянальна вытанчанай мовай. Да нашых дзён захавалася 8 "слоў"- пропаведзей ("Слова на свята Вялікдзень", "Слова на вербніцу", "Слова на ўшэсце" і інш.), некалькі аповесцей-прытчаў і казанняў ("Прытча пра чалавечую душу і цела", "Аповесць пра беларызца і манаства", "Казанне пра чарнарызскі чын"), два каноны, каля трох дзесяткаў вершаў і малітваў. У творах К. Тураўскага адлюстроўваюцца багаслоўска-філасофскія і грамадска-этычныя погляды пісьменніка, тлумачыцца сімволіка многіх біблейскіх кніг, уздымаюцца праблемы духоўнай дасканаласці суайчыннікаў. Праз біблейскі змест прасочваюцца думкі аб радасцях чалавечага жыцця, харастве навакольнай прыроды, недасканаласцях дзяржаўнага ладу.
   К. Тураўскі праяўляў асаблівы клопат пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. У "Прытчы пра чалавечую душу і цела" (ці "Слове пра сляпога і кульгавага") пісьменнік выкарыстоўвае ў якасці сюжэта евангельскае апавяданне пра руплівага гаспадара. Пасадзіўшы вінаград, ён паставіў ля варот двух вартаўнікоў: сляпога і кульгавага."Калі хто з маіх ворагаў захоча абакрасці вінаграднік, то кульгавы убачыць, а сляпы пачуе. Калі ж хто-небудзь з іх захоча ўвайсці ў вінаграднік, то кульгавы, не маючы ног, не зможа прайсці ўсярэдзіну; сляпы ж, калі і ўвойдзе, то, заблудзіўшыся, у прорве разаб’ецца", – так разважае гаспадар. На самой справе ўсё адбылося інакш. Сляпы і кульгавы, аб’яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад і прысвоілі чужое дабро.
   Гаспадар, даведаўшыся пра здзейсненае, загадаў прагнаць "злачынцаў". К. Тураўскі ў вобразе сляпога паказаў чалавечую душу, у вобразе кульгавага – цела. Гаспадар – Бог, стваральнік свету – карае сляпога і кульгавага, выганяючы іх з саду. Гэтым самым аўтар сцвярджае думку аб адказнасці чалавека перад Богам і пакаранні за грахі.
   Высокамастацкія аратарскія творы К. Тураўскага склалі залаты фонд старажытнай літаратуры. Яны на працягу многіх стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю, памнажаліся і разыходзіліся ў сотнях рукапісных спісаў. Менавіта па гэтаму нашы продкі называлі асветніка Златавустам, параўноўваючы яго са славутым аратарам і майстрам красамоўства ІV ст. н. э.

 

Похожие статьи:

ІншаеКірыла Тураўскі

ПераказыКірыла Тураўскі

ІншаеКірыла Тураўскі - "Прытча пра чалавечую душу і цела"

ПераказыХто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?