Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асноўныя тэмы і вобразы пасляваеннай лірыкі А. Куляшова

   У пасляваенны час творчасць А. Куляшова вызначаецца сталасцю, глыбокім філасофскім зместам, пільнай увагай да духоўнага свету чалавека. У гэтым сэнсе вельмі паказальным з’яўляецца верш "Спакойнага шчасця не зычу нікому..." Гэта верш-споведзь. Ён складаецца з дванаццаці радкоў, у кожным з якіх ставяцца пытанні: ці патрэбна чалавеку маланка з громам (а якая ж без іх навальніца?), пякучая смага, моцнае пачуццё, лес, зязюля? Усё, што акружае чалавека, вартае яго ўвагі, бо ўсё гэта і ёсць жыццё, неспакойнае, нялёгкае, складанае. Паэт не прымае лёгкага шчасця, таго ўяўнага дабрабыту, якім жыве абывацель. Ён жадае ўсе свае пачуцці перадаць людзям, захапіць імі чалавечыя сэрцы.
   Да філасофскага цыкла адносіцца і невялікі памерам верш "Я хаце абавязаны прапіскаю...". Лірычны герой яго ўсім на свеце абавязаны роднай хаце. І самае галоўнае – ён "абавязан кожнай рыскаю, драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю" маці, якая нарадзіла і выгадавала яго. Яго карані – ад зямлі, працы, Айчыны. Сам лірычны герой з’яўляецца выразнікам сумлення чалавека, які ў час вайны стаў салдатам, каб адстаяць незалежнасць сваёй Радзімы.
   У 1965 г. А. Куляшоў напісаў цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай назвай "Маналог". Ён прысвечаны памяці сяброў-паэтаў З. Астапенкі і Ю. Таўбіна, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. У першым вершы паэт як бы акрэслівае мэту і задачы цыкла:

Дзе б я ні быў, дзе б мне ні давялося
Убачыць дол сівы ад палыну,
Пякуча сэрца сціснецца, і лёс я
Загінуўшых без весткі памяну...

   "Маналог" напоўнены глыбокім асабістым перажываннем, вернасцю былому сяброўству і агульнай справе. "Я – ваша памяць, вы – маё сумленне, я – дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім", – сцвярджае аўтар. Дачасна загінуўшых сяброў ён называе кнігамі без старонак, лістамі без дрэў, дарогамі без слядоў, і таму грамадзянскі і маральны абавязак паэта – прадоўжыць справу загінуўшых сяброў юнацтва. Ён павінен быць "вартым тых спраў абарваных, кніг недапісаных".
   Цыкл "Маналог" адзначаны горкім, драматычным пафасам. "Ён быццам бы складзены з камення ці выкаваны з бронзы... Гэта як эпітафія, выбітая на каменні", – скажа пра яго З. Азгур. У вершах "Маналога" – роздум паэта аб маральным абавязку людзей перад памяццю, аб непераможнай сіле праўды і справядлівасці, аб значэнні творчасці ў жыцці грамадства, аб адказнасці творцаў перад часам і людзьмі. "Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам", – сцвярджае А. Куляшоў.
   Глыбокім роздумам над лёсам сваіх сучаснікаў, людзей пасляваеннага пакалення, сумным, элегічным настроем прасякнуты вершы "Перад падарожжам" і "Салдатаў веку, што на грозных цэлях...". Лірычны герой першага верша пражыў складанае жыццё, пакуты сівізной леглі яму "на скронь". Але ён не "абпаліўся жорстка сам", не ачарсцвеў ("не лёд душы, а боль пякучы я ў прагны кідаю агонь"), не перастаў змагацца супраць бездухоўнасці, несправядлівасці. Яго "дарожны дух" куецца для новых змаганняў, "для горных круч, для хваль высокіх, для самых грозных завірух".
   У лірыцы А. Куляшова 60-70 гг. выявіліся вялікія духоўныя і фізічныя мажлівасці чалавека – прага дзейнасці, адчуванне сваёй асабістаў велічы і вартасці, адказнасць за "цяжкую пасаду паэта", за лёс Айчыны, разуменне сутнасці гістарычных падзей і ўсеагульнай сувязі з’яў:

Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,
Забраць мяне з сабой, а я руку
Гарачую працягваю прыродзе –
З дваццатага ў трыццатае стагоддзе.

   Паэт вымярае свой час не гадзінамі, а шляхамі, дарогамі, кіламетрамі, стагоддзямі. І таму лірычны герой вершаў адчувае сябе "на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым", мільёны лёсаў змяшчаюцца ў яго "яшчэ да дна не вычарпаным лёсе". І самому паэту здаецца, што за плячыма яго "не пяцьдзясят гадоў, а пяць стагоддзяў – самае малое", і таму ён смела працягвае гарачую руку "з дваццатага ў трыццатае стагоддзе".
   Жывучы ў суладдзі з часам, паэт піша паэмы "Цунамі", "Варшаўскі шлях", "Хамуціус", у якіх перадае самаадчуванне чалавека ў наш трывожны, навальнічны час, яго барацьбу за будучыню без вайны, за чыстае паветра і ваду, за ачалавечванне свету, за ўсеагульнае шчасце. Паэма "Хамуціус" (такім быў адзін з псеўданімаў К Каліноўскага) прысвечана гераічнай барацьбе К. Каліноўскага за мужыцкую долю. Паэт імкнецца не толькі аднавіць гістарычныя і легендарныя старонкі Айчыны, але спасцігнуць і ўсе супярэчнасці нашага часу. Ён востра адчувае сваю адказнасць не столькі перад сабой, колькі перад ўсім грамадствам, яго гісторыяй і будучыняй.

 

Похожие статьи:

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Хамуціус

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Балада аб чатырох заложніках

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Варшаўскі шлях

БиографииАркадзь Куляшоў