Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асноўныя матывы творчасці Сяргея Законнікава

Дзе ўзяць той мёртвай і жывой вады,
Каб імі пакрапіць маю зямлю?
І мушу, як замову ад бяды,
Шаптаць адно-адзінае: "Люблю..."
С. Законнікаў
 

   Творчасць Сяргея Законнікава сведчыць аб яго непаўторным асэнсаванні рэчаіснасці, уменні гаварыць з чытачом эмацыянальна-напружана і ў той жа час душэўна-даверліва. Сваю жыццёвую пазіцыю паэт адкрыта заявіў у вершы "Спрадвечны круг жыцця і смерці":

Я ведаю, спазнаўшы поўна
Цану і радасці і бед,
Мне не ўсё роўна, не ўсё роўна,
Якім пакіну белы свет.
Я кроўнасцю намёртва звязан
З усім, што будзе, ёсць, было.
І мой галоўны абавязак
Рабіць дабро і нішчыць зло.

   У паэтычных зборніках "Пакуль жыве мая бяроза", "Вера, надзея, любоў", "Сутнасць", "Заклінанне", "Святая воля" С. Законнікаў асэнсоўвае гістарычныя падзеі ў сувязі з днём сённяшнім, разважае над складанымі праблемамі сучаснага існавання людзей, асуджае мяшчанскія погляды на свет чалавечых пачуццяў, выступае супраць вайны, паказвае мужнасць людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Звяртаючыся да свайго сучасніка, паэт напамінае: "Ты сам зямлі часцінка... Ёй – маці – не змані, каб не сысці з гасцінца любові, дабрыні".
   У С. Законнікава асабліва многа вершаў аб жыцці і смерці. Асэнсоўваючы праблемы жыцця, паэт падыходзіць да іх вырашэння аптымістычна, жыццесцвярджальна:

Даўно з бяссмерцем людзі ў добрай згодзе.
Яно заўжды трымаецца на тым –
Мы каласамі ў гэты свет прыходзім,
Каб сілу даць зярняткам залатым.

   Паэма С. Законнікава "Чорная быль" прысвечана жахлівай экалагічнай катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. У ёй аўтар спрабуе выявіць прычыны трагедыі, заклікае да барацьбы з беспрынцыповасцю, безадказнасцю, абыякавасцю людзей, папярэджвае аб наступленні духоўнага Чарнобылю:

Калі ж і зараз ты не загукаеш,
А будзеш жыць пад страхам і прынукай,
Чарнобыль не такі яшчэ чакае
Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

   Аўтар паэмы паказвае трагічны лёс старых людзей, якія ўсё жыццё пражылі на гэтай зямлі, а зараз вымушаны ехаць на чужыну. Паэт нагадвае выпадак з бабуляй, якую затрымалі ў зоне забруджвання. Ёй напомнілі, што навакол радыяцыя, а старая "выцірала слёзы чорнай ссохлай жменькай":

Дзеці не пускалі, уцякала, як злодзей.
Самі мае ножанькі прывялі да дому...

   Драматычным напалам, пачуццём адказнасці за ўсё, што адбываецца на роднай зямлі, патрабаваннем праўды жыцця, няхай суровай і горкай, поўняцца радкі паэмы С. Законнікава:

Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе, што будзе пасля? –
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
Ёсць праўда адна – праўдай жыць,
Няхай і суровай, і горкай...
У небе над намі стаіць,
Як зніч, палыновая зорка.

   Паэма С. Законнікава "Зязюля" ("Полымя", 1996, № 4) прысвечана народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. У 17 яе частках з выключнай завостранасцю ўзнімаюцца актуальныя праблемы нашага часу: чарнобыльская трагедыя, адраджэнне Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, сучаснае грамадскае жыццё, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, лёс будучыні краіны. Тут і нагадванне слаўнай мінуўшчыны Беларусі, і горкі роздум над сучасным яе станам, і папрок у безадказнасці перад гісторыяй, часам, і адчуванне віны за лёс будучых пакаленняў, і асуджэнне рэнегацтва, здрадніцтва, сквапнасці і хцівасці дзяржаўных чыноўнікаў... Праблема нацыянальнага гора, бяды выходзіць далёка за межы чарнобыльскай трагедыі. Глабальнасць нацыянальнай катастрофы бачыцца ў "распадзе душы беларускай", якую можна выратаваць толькі шляхам нацыянальнага і духоўнага адраджэння. Паэт як бы перасцярагае ад непапраўнай бяды, просіць:"Толькі не патушы свечку сваёй душы!"
   Цэнтральным, скразным вобразам паэмы з’яўляецца зязюля. Душа і выяўленне беларускага лесу, яна не толькі напамінае чалавеку пра яго маленства, "дзе сонца, як мама, цалуе ў макушку", але і нагадвае аб хуткаплынннасці, скарацечнасці чалавечага жыцця:

Хутка змяце, як вецер,
Семя пустое час.
Будуць усе на свеце,
Толькі не будзе нас.

   Зязюля- вяшчунка – гэта і прадказанне анямелых брагінскіх лясоў, і прадбачанне духоўнага Чарнобыля, і прароцтва чалавечага існавання наогул. Бацькаўшчына ўяўляецца паэту ў вобразе бяздомнай, гаротнай зязюлі. Будучыня яе залежыць ад усведамлення таго, што неабходна віць "уласнае гняздо, будаваць свой нацыянальны дом". Паэт упэўнены, што

...прыйдзе той час,
сціхнуць спрэчкі і сваркі,
Мы дружнай сям’ёю засцелем абрус,
Каб высака ўзняць крышталёвыя чаркі
За веліч і славу тваю, Беларусь.