Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



І надыходзіць дзень

   – Што, Пятроўна, сабралася ўжо ў шлях-дарожку? Нагасцілася ў сына?
   Суседка стаіць, прыхіліўшыся да дзвярэй, зычліва жмурыць на маці шэрыя вочы.
   – Збіраюся, збіраюся, Насць...
   Маці мітусіцца ў калідоры каля розных клуначкаў і сетак. А сыну дужа шкада яе. Жыла б сабе ў яго халасцяцкім пакойчыку – на двух з лішкам... Але ніякія ўгаворы застацца ў горадзе далей зімы не дзейнічаюць.
   – А, можа, пачакала б, Пятроўна, куды табе ў халодную хату? – слушна даводзіла Насця.
   Што ты такое гаворыш, Насць? – спалохана ўзнімае галаву маці і з дакорам, сярдзіта пазірае ў бок сына. – Вось і ён усё не пускаў мяне... Не пускаў! А то б я ўжо даўно паехала. Мне затрымлівацца нельга. Сама ведаеш, пойдзе рака шугаць – як тады дабяруся? А тамака і дамок, і садок... Усё – без нагляду! А да вас буду наведвацца...
   Унізе ля пад’езда іх чакае матацыкл з каляскай. Маці ўладкоўваецца ў люльцы.
   – Памажы, божа! – шэпча яна, акідваючы развітальным позіркам двор, круглую альтанку, у якой не раз бавіла надвячоркі.
   Імкліва імчыць матацыкл, вылятае на ўзгорак. I адразу – мора святла! Яно шчодра залівае ўсё ўнізе: і шырокую стужку ракі, яшчэ скаваную зялёным ільдом, і дашчаны маленькі домік паромшчыка на высокім падмурку, і купку людзей каля лодак...
   – Вось і прыехалі, – усхвалявана ўздыхае маці, таропка выбіраецца з матацыкла.
   I, падхапіўшы клунак і сетку, як не подбегам спяшае да людзей. Маці прыстройваецца да іх і вось ужо жвава гутарыць з нейкай знаёмай. Такое ўражанне, што яна забыла аб сынавай прысутнасці, уся там, на тым беразе... Да яго блізенька, здаецца, працягні руку – дастанеш, але трапіць на гліністую строму не так проста. Тугі лёд успучыла, прыўзняло над вадой, вось-вось не вытрымае ён, і з шумам і трэскам рушыць крыгалом. Заберажніца даўно сарвала шырокія кладкі, густая фіялетавая вада гуляе ля берага, круціць шэрыя, як каменьчыкі, ільдзінкі, крышыць, прыбівае іх на пясчанае мелкаводдзе. Нос вялікай лодкі ўрэзаўся ў пясок, на карме, наваліўшыся на шост, стаіць высокі хлапец і вясёлым баском пачынае камандаваць:
   – Давай, давай, варушыся, сядай хутчэй, бабкі...Вось высаджу ваш дэсант на гэты пракляты лёд і – баста, годзе. Не хачу рызыкаваць! Яшчэ патопіцеся, потым адказвай за вас...Чуеце, трашчыць?
   Жанчыны кідаюць палахлівыя позіркі на лёд, паспешна рассаджваюцца ў лодцы.
   – Сынок, прыязджай, як ачысціцца рака! – чуе ён напаследак трывожныя і радасныя словы маці.
   «Як ачысціцца рака...» Ён хоча крыкнуць у адказ, што абавязкова прыедзе з першым жа кацерам, але голас чамусьці не слухаецца, толькі бязгучна варушацца яго вусны. Яго ўяўленне малюе такую ж вясну. Крыгаход... Паводку... Незвычайна і святочна на душы ад гэтай вялікай вады: блакітнае бязмежнае раздолле ўрачыста абдымае ўсё навокал. Даўно затоплены і прыбярэжныя лугі, і пясчаныя пагоркі, да саменькага лесу падабралася вада. I вось ужо гарэзліва плешчуцца хвалі сярод маўклівых, нібы зачараваных дрэў, ласкава ліжуць іх сваімі срэбнымі язычкамі. I ён сам з захапленнем і шчаслівай усмешкай першаадкрывальніка гойдаецца на бацькавай пласкадонцы сярод беластвольнай бярозавай каланады.
   – Раптам шчымліва-тужлівае пачуццё беззваротнай страты ахоплівае яго. I ўжо амаль са слязьмі на вачах назірае, як высаджваюцца жанчыны на лёд, як асцярожна ідуць адна за адной, стараючыся абысці палонкі. Колькі б, здаецца, даў, каб вось так, як яны, ісці па небяспечнай сцяжынцы – да сябе, у свой стары дамок.
(485 слоў)

Паводле Я. Каршунова.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШчаслівая

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці

Пераказы, дыктантыДа маці