Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
«Нашчадкам дзеля прыкладу»
У легендарным Севастопалі дзясяткі выдатных помнікаў, але самы першы пастаўлены ў 1834 годзе на Матроскім бульвары. На ім на дзіва лаканічны, але надзвычай глыбокага сэнсу надпіс: «Казарскаму. Нашчадкам дзеля прыкладу».
Гэты надпіс, які ззяе золатам, стаў прарочым. Сведкам шматлікіх гістарычных падзей быў гэты помнік.
У 1828 годзе Англія перашкаджала замацаванню рускіх на берагах Чорнага мора, падтрымліваючы ці проста падбухторваючы Турцыю супраць Расіі. Жадаючы спыніць дапамогу Турцыі Каўказу, Мікалай I у красавіку 1828 года аб’явіў Турцыі вайну.
У пачатку вайны лейтэнант Казарскі камандаваў транспартам «Сапернік» і на ім дамогся баявых удач. За храбрасць пры ўзяцці Анапы яму надалі чын капітан-лейтэнанта, а за мужнасць пры аблозе балгарскай Варны ўзнагародзілі залатой шабляй.
У канцы 1828 года камандуючы Чарнаморскім флотам прызначыў Казарскага камандзірам брыга «Меркурый». Разам з «Меркурыем» Аляксандр Казарскі і ўвайшоў у гісторыю ваенна-марскіх бітваў.
А пятай гадзіне туркі падышлі пад самую карму рускага брыга, як бы абхопліваючы брыг у клешчы. Прагрымелі залпы. Казарскі даўно ўжо разгадаў намеры турак, але нічога не мог зрабіць, бо ветразі «Меркурыя» абвіслі. Туркі паставілі рускі брыг у два агні: білі па ім правым бортам і левым. Здавалася, што на палубе брыга не засталося жывога чалавека. Але зноў і зноў стралялі рускія гарматы.
Нечакана нізавы вецер памацнеў. Імгненна ацаніўшы сітуацыю, Казарскі скамандаваў змяніць курс.
«Меркурый» пачаў браць убок і выслізнуў з вогненных клешчаў. Туркі, не адразу заўважыўшы гэта ў парахавым дыме, працягвалі весці агонь. Адзін турэцкі карабель ва ўпор расстрэльваў другі, а адтуль старанна смалілі па сваім флагмане. Енкі і пракляцці на турэцкіх караблях суправаджаліся вясёлым смехам на палубе рускага брыга.
Праз нейкі час рускі брыг грозна наблізіўся да турэцкага карабля. Той быў разбіты, адусюль валіў дым, гарматы маўчалі, на ім усчалася неверагодная паніка. Да турак, нарэшце, дайшло: рускі брыг зараз счэпіцца з іх караблём і выбухне разам з ім. Ашалелыя ад страху туркі пачалі ў паніцы скакаць за борт.
Грымнуў залп «Меркурыя», загрукаталі ацалелыя гарматы, і зноў брыг зацягнула парахавым дымам.
Праз некалькі дзён газета «Адэскі веснік» напіша: «Подзвіг гэты такі, што не знаходзім іншага да яго падобнага ў гісторыі мараплавання. Ён настолькі дзівосны, што і паверыць у такое цяжка. Мужнасць, бясстрашнасць і самаахвярнасць, праяўленыя пры гэтым камандзірам, афіцэрамі і экіпажам "Меркурыя", больш слаўныя за тысячы перамог звычайных».
Гісторыя ваенна-марскіх бітваў ніколі не ведала падобнага. Камандзірам брыга быў беларус Аляксандр Казарскі. Яго жыццё было кароткім, але яркім і гучным, як стрэл з брыга «Меркурый». У Беларусі помняць героя і ганарацца сваім суайчыннікам.
Праз паўтара месяца пасля смерці Казарскага пачаўся збор сродкаў на помнік у Севастопалі. Грошы па падпісцы ішлі ад марскіх афіцэраў, якія служылі на Чорным і Балтыйскім, Белым і Ахоцкім морах, з Камчаткі і з многіх іншых месцаў неабдымнай Расіі. Неўзабаве помнік Казарскаму быў адкрыты. Яго аўтар – акадэмік архітэктуры Брулоў, брат славутага жывапісца Карла Брулова.
(452 словы)
Паводле В. Ярмоленкі.