Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



«Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»

   Будаўніцтва замкаў ва ўсе часы было нялёгкай справай.
   I не толькі з-за іх памераў. Практыка захопу замкаў ніколі не стаяла на месцы, пастаянна ўдасканальваліся спосабы аблогі, з’яўлялася новая зброя. Крапасныя сцены разбуралі таранамі – вялікімі бярвёнамі з жалезнымі наканечнікамі, а таксама гарматамі.
   Цяжкасць пабудовы замкаў была звязана і з тэхнічнымі праблемамі. Для вырабу цэглы даводзілася ствараць цагельні. Нялёгка было назапашваць звычайнае каменне, якое выкарыстоўвалі не толькі для надання моцы сценам і вежам, але і як дэкаратыўны элемент, а таксама для эканоміі цэглы, выраб якой лічыўся не надта таннай справай.
   Так было і з Крэўскім замкам. Пры яго ўзвядзенні шырока выкарыстоўвалі велізарныя камяні. I не толькі для магутнага фундамента. Замкавыя сцены на вышыню да чатырох метраў таксама выкладзены з гэтага прыроднага будаўнічага матэрыялу.
   Хоць камення на беларускіх землях яшчэ з ледніковага перыяду засталося шмат, але само яно ў замкавыя сцены не клалася. Найперш неабходна было камяні сабраць. Гэта рабілі, вядома, сяляне. З усіх бакоў звозілі яны на будаўнічую пляцоўку на сваіх конях малыя каменьчыкі і велізарныя валуны. Цэлыя каменныя горы вакол будучага замка нагадвалі нейкі нетутэйшы пейзаж. Можа, так выглядалі некалі будаўнічыя пляцоўкі егіпецкіх пірамід? Нездарма ж час заснавання Крэва адносяць да часу іх будаўніцтва.
   Але сабраць камяні – гэта, магчыма, найбольш лёгкая справа. Іх трэба было адсартаваць спярша па памерах, затым па якасці, нават па колеры. Будавалі ж не проста абарончы замак, а яшчэ і княжацкую рэзідэнцыю: у замкавых пакоях жыў гаспадар. А для гэтага патрэбны былі адпаведныя ўмовы: зручнасць, надзейнасць і цеплыня, не толькі фізічная, але і эстэтычная.
   Пры будаўніцтве многіх замкаў камяні яшчэ і часалі, каб яны больш ёмка клаліся ў сцены і надзейна ляжалі ў іх сотні гадоў. Каменячосы павінны былі валодаць неверагоднай сілай і вынослівасцю. А самае галоўнае – кемлівасцю і майстэрствам.
   З усімі гэтымі патрабаваннямі беларускія дойліды спраўляліся выдатна. Практычна не было ніводнага замка, які не меў бы сваіх адметнасцей, гармоніі прапорцый, тэхнічнай дасканаласці. Беларускае замкавае дойлідства мае высокую каштоўнасць і складае наша гістарычнае і культурнае багацце.
   Кажуць, Крэўскі замак узводзілі не простыя будаўнікі, а сапраўдныя волаты. Дзе там звычайнаму чалавеку ўкласці ў сцены такія важкія валуны! Ды яшчэ на такую вышыню! Сам замак знаходзіцца на высокім насыпным узвышшы. А тагачасныя будаўнікі абыходзіліся без сённяшніх кранаў і пад’ёмнікаў.
   Ды не толькі камяні даводзілася падымаць. Цэглы таксама спатрэбілася шмат тысяч тон. Замацаваць кладку сцен і вежаў трэба было так, каб не толькі варожыя гарматы, але ні вецер, ні дождж, ні снег не парушылі моцы цэглы і раствору. Раствор гэты быў надзейны. З часам у многіх месцах выкрышылася цэгла, а тонкі слой вапны дагэтуль бялеецца ў нішах роўнымі шнурочкамі.
   З таго даўняга часу будаўніцтва застаўся ў народзе праклён: "Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!" Значыць, будаўніцтва Крэўскага замка далося ў знакі многім людзям. Таму лепш было выконваць любую іншую работу, чым адбываць павіннасць на ўзвядзенні гэтай цытадэлі.
(465 слоў)

Паводле А. Бутэвіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКраіна замкаў

Пераказы, дыктантыСімвал магутнасці

Пераказы, дыктантыКрэўскі замак

Пераказы, дыктантыСцены Лоскага замка

Пераказы, дыктантыЛегенды Мірскага замка