Герб горада Рагачова, на якім у залатым полі адлюстраваны чорны баранаў рог, сімвалізаваў, па задуме яго стваральнікаў, назву горада. У геаграфічным найменні Рагачоў сапраўды маецца каранёвая частка рог, але з выявай баранава рога яе звязваюць толькі ўскосныя асацыяцыі. Традыцыйна дадзеную назву тлумачаць пры супастаўленні са старажытнарускім словам рогъ у значэнні мыс. Пры такім тлумачэнні спасылаюцца на тое, што Рагачоў, які ўпершыню згадваецца ў старажытнарускі час у Іпацьеўскім летапісе пад 1142 годам, узнік на месцы ўпадзення рэчкі Друць у Днепр, гэта значыць ля рога. Рог тут разумеецца менавіта як мыс, выступ.
Зрэшты, слова рог у дадзеным выпадку можна разумець і ў «беларускім сэнсе» – як вугал. Пры зліцці Друці і Дняпра ўтвараецца нібыта рог – вугал, дзе і размешчаны горад Рагачоў, раённы цэнтр Гомельскай вобласці. Такія тлумачэнні былі б, магчыма, і прымальнымі, калі б не дзве акалічнасці. Па-першае, многія старажытныя гарады Беларусі ўзнікалі якраз пры злучэнні малой і большай рэк, гэта значыць «на рагу», таму само месца сутокаў не магло лічыцца вызначальнай прыкметай для нараджэння геаграфічнага імя. Па-другое, у назве Рагачоў вычляняецца ўтваральная аснова Рагач-, а не Рог-, як, напрыклад, у найменні вёскі Рог Акцябрскага раёна ці ў назве горада Рогаў. На нашу думку, аснова Рагач- можа звязвацца з асабістым іменем Рагач ці з такой жа мянушкай, якія насіў верагодны князь або правадыр той групоўкі, што асвойвала зручную з розных пунктаў гледжання пляцоўку пры ўпадзенні Друці ў Днепр. Такім чынам, назва Рагачоў спрадвечна мела значэнне «горад Рагача».
(239 слоў)
(Паводле А. Рогалева)