Сёння мы павінны надзвычай добра зразумець і адчуць неабходнасць выхавання сучаснай школай інтэлігента, а калі браць шырэй – інтэлігентнасці ў чалавеку. Гэта, аднак, не значыць, што сённяшні вучань заўтра павінен атрымаць вышэйшую адукацыю. Мы ўжо добра ведаем, да чаго прывяла ўсеагульная політэхнізацыя школы ці спроба ажыццявіць у краіне ўсеагульную абавязковую сярэднюю адукацыю.
Інтэлігентнасць, на жаль, не заўсёды праяўляецца ў чалавеку, які мае дыплом аб заканчэнні вну, бо інтэлігентнасць – гэта перш-наперш узровень духоўнага і агульнакультурнага далягляду чалавека. Янка Купала, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Уладзімір Караткевіч – нацыянальныя інтэлігенты з вялікай літары.
Нацыянальны інтэлігент пачынаецца з усведамлення свайго нацыянальнага «я». Хіба можа ўзрасці ўвогуле свядомы беларус без любові да роднай мовы і прыроды, без моцнай духоўнай памяці, без шанавання генеалагічнага дрэва свайго роду, без ведання гісторыі і культуры Бацькаўшчыны? Але інтэлігент-беларус не павінен адчуваць сябе ізалявана ў славянскім сумоўі людзей, у агульнасусветнай супольнасці.
Мова, культура ўвогуле знітоўваюць чалавека з чалавекам, краіну з краінай. Ці кожны з сённяшніх інтэлігентаў можа пахваліцца глыбокім веданнем моў і культуры славянскіх суседзяў і народаў свету? Пэўна, што не: і сваё нацыянальнае «я» ў душы досыць часта занядбана ці вытручана.
Прыкра, што інтэлігентнасць часта зводзяць да паводзін чалавека ў будзённым жыцці, а гэта ж скарб чалавечай душы, вызначальная рыса духоўнасці, унутранай культуры асобы, яе цэльнасці і цэласнасці.
Філолаг, гуманітарый увогуле, як ніхто іншы, павінен увасабляць эстэтычнае і культурнае багацце свету і асобы, умяшчаць у сабе вабнае і прыцягальнае хараство духоўнасці, маральнасці.
Настаўнік-славеснік праз слова мастацкай літаратуры і сваё ўласнае слова павінен раскрыць для сэрцаў вучняў хараство духоўнага існавання, сутнасць высакароднай, рыцарскай маральнасці.
(253 словы)
Паводле А. Бельскага