Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Імя чалавека

   Папулярны амерыканскі псіхолаг Дэйл Карнегі, заклікаючы запамінаць і часцей ужываць імёны суразмоўнікаў, адзначае, што імя чалавека – самы прыемны для яго гук на любой мове. Сугучнае ўжо сказанаму і стаўленне да імя, выказанае нашым пісьменнікам Янам Скрыганам: «Я лічу імя галоўнай прыналежнасцю ў чалавечым існаванні. Імя чалавеку даецца адразу ж пры яго нараджэнні і з малаком мацеры. Імя заслугоўвае, каб яго вымаўлялі, а не падменьвалі ініцыялам, па сутнасці, зневажаючы яго».
   Можна пагадзіцца з адным з першых даследчыкаў беларускіх уласных імёнаў Янкам Станкевічам. Той, супастаўляючы поўныя і эмацыянальна-ацэначныя формы імёнаў, кажа: «Формай звычайнай або поўнай імені не выказваем ніякага пачуцця, гэта толькі імя чалавека, падобна да агульных назваў людзей, жывёлы, рэчаў». Гэта не зусім так, хоць эмацыянальна-ацэначныя формы выражаюць значна больш пачуцця, чым афіцыйныя формы імёнаў. Прычым можна заўважыць, што найчасцей гэтае пачуццё пазітыўнае. У манаграфіі даследчыка беларускага іменаслову Мікалая Бірылы «Беларуская антрапанімія» сярод мноства зафіксаваных варыянтаў імёнаў знаходзім усяго адзінкі, якія маюць сталае адценне знявагі, прыніжэння. Большасць вытворных імёнаў ужываюцца як памяншальныя, ласкальныя, паважальныя.
   Найболей насычаныя станоўчымі эмоцыямі ў маўленні імёны ў тых выпадках, калі да носьбіта імя звяртаюцца людзі, неабыякавыя да яго, – бацькі, блізкія, сябры. Мы ведаем, якімі дзівоснымі здаюцца імёны адно аднаго закаханым. Той, хто кахае, бачыць аб’ект свайго пачуцця прыгожым. Гэтая прыгажосць пераносіцца на імя. Асабліва гэта датычыцца імёнаў прадстаўніц прыгожага полу. Існуе шмат вершаў, песняў, у якіх апяваецца тое ці іншае жаночае імя. Гэта натуральна, бо імя жанчыны – гэта ўжо назва кахання. Такім чынам, у адным слове і выказваецца пачуццё, і называецца тая, на каго яно накіраванае.
(250 слоў)

Паводле С. Богуша