Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ёсць такі камень
Першым у разведку пайшоў Іван. Першым ён выйшаў на ўзлесак і падаў каманду ўсім лажыцца. Сам папоўз наперад. I раптам недзе паблізу пачуліся стрэлы. Іван аціх. Нічога падазронага вакол не заўважыў.
I ён пасунуўся на локцях зноў наперад. Сабіт і Яніна сачылі з напружаннем і баявой гатоўнасцю. З лесу ўдарылі з аўтаматаў. Іван выпусціў чаргу ў бок лесу, адкуль па ім ударылі. Сабіт тым часам выскачыў наперад і часануў адной, другой чаргою з аўтамата па ўзлеску. Ён памкнуўся да Івана дапамагчы, але аўтаматная чарга ворага зноў секанула па Руцкаму. I той неяк бокам паваліўся, нібы перакульваючыся. I аціх. Раптоўна, нечакана ўсё гэта было і для Сабіта, і для Яніны, і для іх памочнікаў.
Сабіт Мукімаў ірвануўся да Івана і, схапіўшы яго пад пахі, пацягнуў у сасоннік. Яніна падскочыла на дапамогу Сабіту. Прыпыніліся ў самай гушчыні лесу. Яніна заглянула ў вочы Івану, нібы чакаючы яго слова, яго загаду, а вочы таго былі ўжо маўклівыя і нерухомыя. Сабіт кінуўся на калені, прыклаў вуха да грудзей Івана. Сэрца сябра таксама маўчала. Маўклівы і паніклы Мукімаў падняўся і зняў шапку. Гэтым было сказана ўсё.
Івана пахавалі ўсім атрадам. Пахавалі па просьбе Яніны кіламетраў за шэсць ад размяшчэння атрада, на ўзлеску вёскі Чарніца, яе роднае вёскі. Магілу зрабілі ледзьве заўважнай і накацілі вялізны-вялізны камень на замаскіраваны пагорак Івана Руцкага. Такое было пажаданне жонкі – Яніны. Хацелася схаваць Івана ад дрэнных вачэй.
...І вось яны, чацвёра, што прыехалі з далёкага Казахстана, паснедаўшы ў раённай сталовай, кіруюць у вёску Чарніца. Далёкую, але блізкую, родную і незнаёмую.
Дваццаць два кіламетры, што некалі для маладой настаўніцы Яніны Масейчык здаваліся вунь якой вялікай адлегласцю, праехалі зусім незаўважна. Яніна пазнала сваю і бацькоў сваіх радзіму, мясціны шчаснага юнацтва, зямлю сваіх першых працоўных крокаў, першага свайго кахання.
О, як было трывожна на душы ад гэтай сустрэчы, ад успамінаў, ад усяго таго, што адбылося ў вайну, што адбывалася пасля яе, што адбываецца сёння. Бадай, гэтае сёння – самае хвалюючае.
Шафёр кіраваў «Волгу» на ўзгорак, што быў у самым цэнтры Чарніцы. Да саўгаснай канторы. I тут прыехаўшых ахапіла, можа, самае вялікае здзіўленне. Перад канторай было мноства людзей. I мужчын, і жанчын, і моладзі, і дзяцей. Яніна ніколі яшчэ не бачыла столькі людзей у сваёй Чарніцы.
Да яе да першай пацягнуліся ўсе для вітання. Гэта ж яе адну з прыехаўшых і ведаюць у твар. А яна чула толькі асобныя словы: «дырэктар», «камбайнер», «даярка», «настаўнік», «аграном» – і на поціск рук і гэтыя словы не знаходзіла, што адказаць. Нешта захрасла ў горле, словы аніяк не вымаўляліся. Мужчыны, праўда, асвойваліся хутчэй, некаторыя ўжо закурылі і пра нешта загаварылі паміж сабою.
Да магілы Івана Руцкага ішло ўсё сяло. Ішлі наперадзе яны, чацвёра прыехаўшых. Там быў мітынг каля пагорка, накрытага палатнянай шырокай посцілкай. Калі яе знялі, Яніна каменя не пазнала. Ён быў крыху меншы і абцясаны, дабротна, па-мастацку. I на самай яго сярэдзіне віднеліся высечаныя словы: «Партызан Руцкі Іван. 1918 – 1943».
Так чацвёра наведалі камень, які стаў цяпер помнікам герою-партызану. Яніна наведала першага мужа свайго, Сабіт Мукімаў – баявога друга, Станіслаў – бацьку, а Іван – сын Яніны і Сабіта – дазнаўся, адкуль у яго такое імя.
(496 слоў)
Паводле П. Кавалёва.
Похожие статьи:
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Хохлік
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Трышчан ды Іжота
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў. Стомлены д’ябал
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Драўляны Рыцар
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні