Аднойчы адзін наш сябра шпацыраваў на закаце сонца па мексіканскім пляжы. Неўзабаве ўдалечыні ён заўважыў яшчэ аднаго чалавека. Калі падышоў бліжэй, то ўбачыў, што гэта адзін з тутэйшых жыхароў, які ўвесь час нахіляўся да пяску, нешта падымаў, кідаў у ваду і зноў рабіў гэтыя нескладаныя рухі.
Чалавек збіраў марскія зоркі, якія апынуліся на беразе, і адна за адной кідаў назад у акіян. Наш сябра быў моцна здзіўлены. Ён падышоў да таго мужчыны і сказаў: «Добры вечар, дружа. Цікава, што ты тут робіш?» – «Я кідаю марскіх зорак назад у ваду. Цяпер вельмі нізкі адліў, і хвалі выкінулі ўсіх гэтых марскіх зорак на пляж. Калі я не закіну іх назад у мора, яны загінуць». – «Так, я разумею, – адказаў сябра, – але на гэтым пляжы ляжаць тысячы такіх марскіх зорак. Ты не зможаш гэтулькі сабраць. І хіба ты не разумееш, што такое здараецца на сотнях пляжаў на гэтым узбярэжжы? Мабыць, няма ніякай розніцы, ці робіш ты гэта, ці не?»
Мясцовы жыхар усміхнуўся, нахіліўся па чарговую марскую зорку. Кінуў яе ў ваду і адказаў: «Для гэтай зоркі ёсць розніца»
(176 слоў)
(Марк Хансэн)
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Чырвоная зорка
Пераказы, дыктанты → Зорка Венера
Пераказы, дыктанты → Як зорка бярозкаю стала
Раіса Баравікова → Раіса Баравікова - Зорка палявая
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Злая зорка