Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янот-паласкун

   Беларускае Палессе багата заліўнымі дубровамі і рачнымі поймамі з мноствам азёр, старымі рэчышчамі, парослымі водна-балотнай расліннасцю. Менавіта такія мясціны прыйшліся даспадобы яноту-паласкуну.
   Янот – невялікі звярок з даўжынёй цела каля паўметра. Даўжыня хваста дасягае трыццаці сантыметраў. Галоўка ў янота шырокая, з завостранай мордачкай, брудна-белая. Вушы прыметна выступаюць з поўсці. Ад носа па лбе цягнецца цёмная паласа, якая зліваецца з цёмнымі плямамі на шчоках. Густым, доўгім, мяккім футрам звярок падобны на маленькае медзведзяня, толькі з доўгім пушыстым хвастом.
   Радзіма гэтага звярка – Паўночная Амерыка. Адтуль у трыццатыя гады дваццатага стагоддзя яго завезлі на Далёкі Усход, у Сярэднюю Азію і Закаўказзе. У Беларусі першыя яноты з’явіліся прыкладна на дваццаць гадоў пазней. Іх прывезлі з Азербайджана. Пяцьдзясят двух звяркоў выпусцілі ў пойме ракі Прыпяць на Палессі, у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці. Праз некаторы час завезлі яшчэ семдзесят восем звяркоў. Так яноты аказаліся не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ў Брэсцкай. На дрэвах для іх развесілі больш за сотню дуплянак. У хуткім часе амаль усе яны былі заселены янотамі.
   Янот-паласкун вядзе начны лад жыцця. Добра плавае і лазіць па дрэвах. Жыве ў дуплах круглы год. Корміцца дробнымі птушкамі і іх яйкамі, грызунамі, жабамі, ракамі, малюскамі, рыбай, насякомымі, ягадамі, сакавітай расліннасцю. У час сілкавання янот палошча ў вадзе ежу, за што і атрымаў сваю назву.
   Да восені ён тлусцее і на зіму залягае ў дупло ў спячку. У адным дупле зімуе ад двух да дванаццаці звяркоў. У адлігу янот пакідае дупло і ідзе карміцца. Напрыканцы зімы ці ў сакавіку ён шукае сабе пару і ўтварае сям’ю. Праз два месяцы ў дуплянцы з’яўляецца ад двух да шасці дзіцянят.
   Цяпер пералічыць янотаў-паласкуноў фактычна не-магчыма. Прыжыўся звярок на Палессі!
(271 слова)

 

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Янот і Крот

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Гэты тоўсценькі янот