Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Як спакайней?

   Яго паклікалі першы раз. З-за стала падняўся высокі, малады яшчэ і, здаецца, зычлівы чалавек у строгай форме, падаў сваю надзіва цёплую руку і сказаў:
   – Слухайце, у нас тут неспакойна, страляюць. Вазьміце, калі ласка, зброю.
   I паказаў вачыма на наган, які ляжаў на паперыне, – відаць, гэта была загадзя падрыхтаваная распіска, дзе трэба было толькі паставіць свой подпіс.
   – Навошта мне зброя? – спытаўся запрошаны.
   – Ведаеце, з ёю вам будзе спакайней. Наган – сябра чалавека. Большы нават сябра, чым сабака. Абароніць ад любога. Усяго толькі націсніце курок, і вы яшчэ не паспееце пачуць стрэлу, вораг ужо забіты. А бандытаў, ворагаў у нас, самі ведаеце, многа.
   Той, каго запрасілі, быў доктар. I для яго людзі дзяліліся не на сяброў і ворагаў, бандытаў і небандытаў, а на хворых і здаровых. Ды і асноўным сэнсам яго працы было лячыць, ратаваць ад смерці чалавека, а не забіваць яго. Якая розніца, хто хворы – вораг альбо не вораг?! Хворага, параненага трэба спачатку вылечыць, а потым ужо, калі ён вінаваты, судзіць. Ён яшчэ ў інстытуце кляўся быць верным гэтаму прынцыпу. I парушыць сваю клятву доктар не мог.
   – Не, наган мне не трэба. Ён не паможа ў маёй працы, – рашуча адмовіўся доктар. – Мае ворагі – мікробы, бацылы, вірусы. Як я па іх буду страляць? I колькі патронаў трэба, каб іх усіх зжыць са свету? Іх жа мільярды. I куды, скажыце, цэліцца, каб забіць сухоты? Каб забіць язву страўніка? Каб хоць параніць самага страшнага бандыта – рак? Можа, вы мне падкажаце?
   Шчыра кажучы, ён і сам баяўся хадзіць па цёмных пушчанскіх дарогах і сцежках у гэты неспакойны час. Аднак і браць наган у энергічнага маладога чалавека яму чамусьці вельмі не хацелася. Ды і дзе яго насіць? Хіба ў дыпламаце, дзе ляжаць усе медыцынскія прылады?
   Праз нейкі час яго і другі раз выклікалі ў раён. Але ён адмовіўся ўзяць зброю.
   Яго паклікалі ў раён і трэці раз. Грукнуўшы дзвярыма, выйшаў з кабінета. Думаў, будуць лавіць, вязаць, але даганяць яго ніхто не стаў – мусіць, малады чалавек на нешта яшчэ спадзяваўся.
   У пушчы доктара сустрэлі ўзброеныя бандыты.
   – Абшукаць! – без лішніх слоў загадаў старшы. Калі хаўруснікі, якія абмацвалі яго, разгублена развялі рукамі, старшы не на жарт раззлаваўся:
   – I на гэты раз не ўзяў, сволач! Што будзем з ім рабіць?
   – У расход, – у адзін голас адказалі двое.
   – Ага, расстраляем, але з выдумкай. Вось у мяне зброя, якой ты не хочаш браць, а ў цябе – твая зброя, у якую ты верыш, – і старшы паказаў наганам на яго дыпламат. – Значыць, страляемся мы з табою нароўных, на дуэлі – твая зброя, мая зброя. У мяне ў нагане адзін патрон. Пераможаш гэты патрон – жыві, памрэш – туды табе і дарога. Абараняйся, доктар! – крыкнуў ён і стрэліў амаль ва ўпор.
   Але ўсе ж доктар паспеў засланіцца дыпламатам. Куля, прабіўшы вечка, ударылася ў штосьці жалезнае, можа, у стэтаскоп, зрыкашэціла і толькі чыркнула яму па плячы.
   – Значыць, твая зброя мацнейшая, – разгублена сказаў старшы і, нібыта і яму самому не хацелася забіваць доктара,загадаў падначаленым: – Няхай жыве. Пайшлі!
   I бандыты зніклі за дрэвамі.
   Доктар ішоў дадому, і да яго свядомасці, прастрэленай, здаецца, навылет, зараз выразна даходзіла, што малады чалавек у строгай форме, які так настойліва соваў яму ў рукі наган, канечне ж быў заадно з бандытамі і вось такім чынам хацеў памагчы ім зброяю.
   I яшчэ нібыта абуджаны стрэлам, зразумеў, што не было б у яго ні другога, ні трэцяга разу, калі б у той свой першы прыход у раён згадзіўся ўзяць наган.
(553 словы)

Паводле Я. Сіпакова.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра