Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас і прырода
Варыянт 1 (251 слова)
Малюнкі родныя і з'явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Я. Колас.
Якуб Колас вельмі любіў прыроду. Коласаўская любоў да зямлі, да прыроды мела глыбокія карані. Ён глядзеў на прыродныя з’явы не толькі як мастак, які тонка адчуваў прыроду і мог перадаць усю яе прыгажосць, яе паэзію, усе адценні яе хараства ў сваім трапным слове. Ён глядзеў на ўсе з’явы прыроды і вокам селяніна, які бачыць у зямлі перш за ўсё сродак існавання, які цэніць тое, што так ці інакш спрыяе добраму ўраджаю, а гэтым самым і дабрабыту людзей, іх шчасцю і радасці.
Іншы раз можна было застаць Коласа засмучаным. Ён нервова пастукваў пальцам па шкле насценнага барометра.
– Яшчэ некалькі такіх дзён, і ўсё завяне, засохне, – кінуўшы трывожны позірк на яснае сонечнае неба, незадаволена падыходзіў ён да акна.
Трэба было бачыць Коласа, радаснага, шчаслівага, калі ў спякотныя дні перападалі добрыя, спорныя дажджы.
– Гэта, брат, не дажджы, а золата. Будзе і хлеб, будуць і травы на лузе, і грыбы, і ягады ў лесе.
Па колеры неба ў час захаду сонца, па руху і форме аблачынак, па шолаху лісця ў лесе, па паводзінах жывёлы, якая вечарам ідзе з поля, па птушыным гомане, па асаблівасцях азёрнай хвалі, па водары асобных кветак, які то слабее, то мацнее, – па ўсіх гэтых шматлікіх, незаўважных для звычайнага вока народных прыметах Колас мог вызначыць, якое будзе надвор’е.
Ён любіў упрыгожваць зямлю. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён пасадзіў пладовы сад каля свайго дома. Любіў ён чыстыя баравыя лясы, дзе прасторна воку, дзе над галавой ніколі не змаўкае вячысты гоман хвойных вяршынь, дзе ў дастатку і паветра, і сонца.
Варыянт 2 (160 слоў)
Якуб Колас вельмі любіў прыроду. Ён глядзеў на прыродныя з’явы не толькі як мастак, які мог перадаць усю іх прыгажосць у сваім трапным слове. Ён глядзеў на з’явы прыроды і вокам селяніна, які цэніць тое, што спрыяе добраму ўраджаю і дабрабыту людзей, іх шчасцю і радасці.
Іншы раз можна было застаць Коласа засмучаным. Кінуўшы трывожны позірк на яснае неба, ён незадаволена казаў:
– Яшчэ некалькі такіх дзён, і ўсё завяне, засохне.
Трэба было бачыць Коласа, радаснага, шчаслівага, калі ў спякотныя дні перападалі спорныя дажджы.
– Гэта, брат, не дажджы, а золата. Будзе і хлеб, і травы, і грыбы, і ягады.
Па колеры неба ў час захаду сонца, па руху і форме аблачынак, па шолаху лісця ў лесе, па птушыным гомане, па асаблівасцях азёрнай хвалі, па водары кветак – па ўсіх гэтых шматлікіх народных прыметах Колас мог вызначыць, якое будзе надвор’е.
Ён любіў упрыгожваць зямлю. Любіў ён чыстыя баравыя лясы, дзе над галавой ніколі не змаўкае вячысты гоман хвойных вяршынь.
Паводле М. Лынькова
Похожие статьи:
Пераказы → Крыштальны звон бяроз
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы