Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эліта

   Мы ішлі паўз высокія, у чалавечы рост, жыты, якія даходзілі да апошняй сваёй жоўтай спеласці, каля азёр грэчкі, што яшчэ здалёк сустракалі нас пахам мёду і роўным пчаліным гудам, каля шапаткіх аўсоў.
   Калі перад намі адкрылася вялізнае, аж па самы лес, што палоскай чарнеў удалечыні, пшанічнае поле, дзядзька Юстын, брыгадзір паляводчай брыгады, варухнуў плячом.
   – Вось мы і каля той пшаніцы...
   Я ажно здзівіўся, калі пачуў, як уздрыгнуў і змяніўся Юстынаў голас, калі ён казаў мне гэтыя словы. Я паглядзеў на Юстына, і мне адразу стала зразумела, якім дарагім было для яго гэтае поле. Строгія вочы брыгадзіра раптам засвяціліся невыказнай цеплынёй і замілаванасцю.
   Пшаніца стаяла роўнай высокай сцяной і ўся, ад краю да краю, калыхалася цяжкімі шырокімі хвалямі. Гэта была і сапраўды незвычайная пшаніца. Пэўна, што ніколі яшчэ палескае поле не бачыла на сабе такой пшаніцы, не вырошчвала такога буйнога, важкага, нібы золата, зерня. Буйное зерне аж распірала каласы. Здавалася, быццам сама зямля тут дзівілася сваёй сіле і ганарылася, што вырасціла такое багацце.
   – Ты раскажы, які ён быў, гэты Андрэй Рудніцкі, – папрасіў я Юстына.
   Залаты гэта быў чалавек. Аграном ён быў адукаваны, Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію скончыў, справу сваю добра ведаў. А галоўнае, што ўсім нам спадабалася, – як прыехаў, адразу за працу. Устане на досвітку і пайшоў, пайшоў па палетках. Я так скажу – гэта трэба мець шырокую душу і моцна любіць свой край, свой народ, каб аддаць сябе такой нялёгкай справе. А да таго ж патрэбна і вялікая вучонасць і смеласць...
   Прывёз ён аднекуль элітнага насення. Вырасла на ўчастку пшаніца на славу. Ды бачым – незадаволены наш аграном. Ходзіць па полі, па каласку адбірае. А з тых каласкоў яшчэ па зярняці выбірае. Начамі над кнігамі сядзіць, усё вывучае нешта, выпіскі робіць. Скрынак з зямлёй у хаце-лабараторыі завёў штук дзесяць – усё вырошчваў у іх пшанічнае зерне.
   Тры гады працаваў аграном Рудніцкі ў нашым калгасе, і штогод мы яму ўсё большае поле для навуковых доследаў адводзілі. Усім калгасам дапамагалі, чым маглі. I ўжо амаль дабіўся ён свайго, ажно з твару светлы стаў, радасны такі, вясёлы. I раптам – вайна. Нашы хлопцы хто ў армію, хто ў лес, у партызаны пайшлі. I Рудніцкі таксама ў лес пайшоў. Толькі перад тым сабраў ён з пуд сваёй дарагой пшаніцы, ссыпаў у брызентавы мяшэчак, прынёс да мяне мяшэчак з тою адборнаю пшаніцай і кажа: «На, схавай да лепшых часін гэты мяшэчак з палескай элітай. Беражы яго, гэта дарагое зерне. Так можна сказаць, што гэта наша будучыня, Юстын». I ён расказаў мне, як захоўваць тое зерне, як даглядаць поле, калі прыйдзецца яго высяваць.
   I пайшоў у лес.
   Усяляк было... У сорак другім годзе так нам прыпала са старою, што мы ўжо з голаду пухнуць пачалі. Перабіліся неяк, людзі не далі памерці. А наступнай вясною засеяў я пшаніцу на сваёй прысядзібнай зямлі.
   Я ўвосень пшаніцу зняў. Такой пшаніцы мы зроду не бачылі – буйная, спорная, што золата.
   Калі аднавілі мы свой калгас, то перш за ўсё на агульным сходзе вырашылі гэтай пшаніцы ход даць. Сам Андрэй Захаравіч не дачакаўся гэтых жаданых дзён. Ён загінуў падчас адной аперацыі на чыгунцы. Усім сялом агранома ўспомнілі, памяць яго ўшанавалі.
   А потым штогод мы ўсё большае і большае поле палескай элітай засявалі і ўвесь ураджай на насенне захоўвалі. Сёлета, вось як знімем ураджай, то і ўсім сваім суседзям дадзім насення на развод. Няхай разыходзіцца эліта па ўсім Палессі, пра гэта ж Рудніцкі і марыў.
(547 слоў)