Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Шчасце

   Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і зараснікі аеру ды чароту, і густыя паплавы, і непралазны алешнік ды лазняк. Зеляніна, што жыве навакол, запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека.
   Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскокваючы на адной назе ды махаючы белым дубцом.
   Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я разумею яго. Калі і я гатоў усіх абняць у гэты дзень, дык што ж павінна адбывацца ў яго маленькім чыстым сэрцы? Я лагодна ўсміхаюся яму і кажу:
   – Добра жыць на свеце, браток, га?
   Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў. Мы і без слоў разумелі адзін аднаго.
   Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. З вачэй яго пырскала шчасце, і здавалася, што ён вось-вось нешта скажа. Скажа, што надта прыемна ў такі дзень басанож скакаць па мосце ды махаць свежым дубцом, што ўвесь свет вельмі прыгожы, што дзядзька, якога ён сустрэў на мосце, таксама прыгожы і добры, ды і наогул усе дзядзькі і цёткі прыгожыя і добрыя – Ён нічога не казаў толькі таму, што не ўмеў выказаць такіх думак і пачуццяў. Ды яно і не трэба было. Я і так усё разумеў.
   Хіба я сам калісьці не быў такім, як ён? Хіба я сам не адчуваў радасці жыцця?
   Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Для яго маёй шчырай і ветлівай усмешкі было мала. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я да яго адчуваю? Мне засталося ступіць толькі адзін крок – і мы размінёмся. Размінёмся, можа, навекі.
   – Як цябе зваць? – сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.
   Сказаў і зараз жа пачырванеў ад сораму: хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым... потым з грудзей яго вырваўся крык!..
   Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок...
   Два словы толькі было ў гэтым крыку:
   – Дзядзька! Шапка!...
   У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная1. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін, усяго толькі адзін крок заставалася зрабіць – і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша?
   I яна не сцярпела...
   Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.
   – Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! – крыкнуў я. – Пакажы, пакажы!
   Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю.
   Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная.
   Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.
   – Які казырок! I шнурок! I гузікі два! – стараўся я. – А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?
   – Мамка! – з гордасцю адказаў хлопчык.
   Несправядлівасць была выпраўлена.
(477 слоў)

Паводле Я. Маўра.

Похожие статьи:

ПераказыПроста радасць

Янка МаўрЯнка Маўр - На крызе

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра - ГДЗ

Янка МаўрЯнка Маўр - Палескія рабінзоны

Янка МаўрЯнка Маўр - Лацароні