Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шчаслівая

   Пачатак верасня. Мяккае сонца. Пах крыху прывялых лістоў і яблыкаў, кавуноў, вінаграду, якімі завалены тут усе ларочкі.
   Амаль не сціхае гул самалётаў – то далятае здалёк, то ўзрываецца, аж дрыжыць зямля, тут, каля будынка.
   На лавачках – хто на сонцы, хто ў цяні – сядзяць пасажыры, чакаюць пасадкі на самалёты. Па дарожках і алеях праходзяць жанчыны ў лёгкіх сукенках, якія адкрываюць іх загарэлыя рукі і плечы. Мужчыны ў тэнісках і белых кашулях, і твары ў іх аж бурыя ад загару, абветраныя, прасоленыя марскім ветрам. Чуецца смех. Гаворка. I людзі – то заклапочаныя, то вясёлыя, то задуменныя, то бесклапотныя – праходзяць перад табою, каб знікнуць у кіпені жыцця і больш ніколі, магчыма, табе не спаткацца.
   Але вось мая ўвага спынілася на трох. Па дарожцы да аэрадрома ішла жанчына – высокая, светлавалосая, у прыгожай стракатай сукенцы. У руках яна несла пакет з вінаградам. Пакет быў зроблены не вельмі ўдала, і гронкі вінаграду ледзь не вывальваліся з яго. Жанчына папраўляла пакет, прытрымлівала вінаград рукамі, але на твары ў яе не было заклапочанасці ці раздражнення, якія часта бываюць у чалавека, калі яму нешта замінае. Жанчына ўсміхалася, і, здавалася, каб пакет раптам зусім выслізнуў у яе з рук і пляснуўся вобземлю, яна б толькі зарагатала.
   Па баках у жанчыны ішло двое юнакоў. Адзін, старэйшы, гадоў дваццаці трох, высокі, танклявы. Другі – крышку маладзейшы, шыракаплечы. Абодва хлопцы былі ў новенькіх, з іголачкі, касцюмах, у бялюткіх кашулях, і абодва такія сімпатычныя. I адразу было відаць, што юнакі – браты, а жанчына – іх маці, так усе яны былі падобныя з твару.
   У старэйшага ў руках быў невялікі чамаданчык, у малодшага – сумка цераз плячо.
   Да мяне даляталі словы размовы:
   – Вось не паслухалася мяне той раз і намучылася, а цяпер – зноў, – казаў малодшы, забягаючы наперад маці. – Ніколі ты мяне не слухаешся!
   – Ах, які ў мяне грозны сын, – адказвала маці, а голас яе смяяўся.
   – Я ж казаў у сумку пакласці... Давай сюды, – здымаў хлопец з пляча сумку.
   Але маці ішла наперад, не зважаючы на просьбу сына.
   – А помніш, як у вайну... – сказаў раптам старэйшы сын.
   Што ўспомніў хлопец, я не пачула, бо моцна загуў, узлятаючы, самалёт. Ды мо каб і пачула, не зразумела б, што прыгадалі яны. Мо ў іх успамінах было такое, што зразумела і дорага толькі ім...
   I ўсё ж гэтыя словы мяне ўскалыхнулі. Падумалася, як было гэтай жанчыне тады. Можа, не раз прыходзілася засланяць ёй сваіх дзяцей ад самалётаў з чорнымі крыжамі. Можа, не раз, сама галодная, несла яна ім аднекуль на змуляных плячах мех бульбы ці круп. Дык хіба цяжка ёй цяпер несці гэты пакет вінаграду?..
   – Давай я вазьму, – прасіў цяпер старэйшы сын і працягваў руку, гатовы ўзяць тую ношу.
   Але і старэйшаму сыну маці не аддала пакета. Яна энергічна ішла наперад, прыгожа ставячы стройныя ногі, прытрымліваючы рукою гронкі вінаграду, якія маглі кожную хвіліну вываліцца ёй пад ногі. I па тым, як ішла яна – высокая, светлавалосая, гордая, як каралева, – было відаць, што яна шчаслівая. Што ёй добра вось так ісці і яе ноша ёй зусім не замінае.
(482 словы)

Паводле Л. Арабей.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыДа маці

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці