Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Што такое час?

   Што такое час? Гэта нішто: яго нельга ўбачыць, пачуць, памацаць, панюхаць, паспрабаваць на язык; ім нельга заткнуць дзірку ў страсе або ў бюджэце; яго нельга запрэгчы ў плуг, запрасіць на шклянку гарбаты.
   Час – гэта нешта бясконца бясчулае і бесстаронняе: якія ні адбываліся б акты найвышэйшай гуманнасці ці нечувалага здзеку з асобы чалавека, ён застаецца спакойным і безудзельным.
   Час – гэта нешта нечувана шпарка-імклівае. Шпаркасць яго прабегу нельга змераць самымі дакладнымі прыладамі. У той жа час нешта нязменнае і нерухомае, бо ўсе тыя адзінкі, якімі мы мераем час, гэта не адзінкі часу, гэта толькі светлавыя, цеплавыя і іншыя з’явы, якія адбываюцца з пэўнай заканамернасцю і якія ніякага дачынення да часу не маюць.
   Нягледзячы, аднак, на сваю нерухомасць і безудзельнасць, якую разнастайную афарбоўку прымае час у розных людзей і як па-рознаму скарыстоўваюць час гэтыя розныя людзі! Ёсць наш час і час даўнейшы, час залаты і час пракляты, час доўгі, час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, а ў нашы часы нічога не варты. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час.
(189 слоў)

К. Крапіва