Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Што такое страх?
Варыянт 1 (245 слоў)
Летні ранак свяціўся яркім сонцам. Промні разагналі лёгкі туман, яго рэшткі аселі на вільготнай траве і свяціліся мільярдамі росных кропелек.
Сямейства вавёркі Рыжухі радавалася цудоўнаму сонечнаму надвор’ю. Ваверчаняты паснедалі і гулялі на галінах старога дуба. Малыя захапіліся гімнастычнымі практыкаваннямі і зусім забыліся, што нават у самы выдатны дзень з лесу не знікаюць ворагі.
Вялікі ястраб ужо некалькі хвілін цярпліва сачыў за даўгахвостай сямейкай. Схаваўшыся за густымі іголкамі высознай хвоі, ён выбіраў зручны момант для нападу. Стары і вопытны драпежнік добра ведаў: здабычу можна злавіць, пераадолеўшы гарачку першага жадання.
І ястраб свайго дачакаўся. Рухавая вавёрачка Гарэза ўскараскалася на верхнюю галінку дуба і паглядала адтуль на сваю вясёлую кампанію.
Узмах крылаў – і яны імгненна выносяць ястраба прама на бездапаможную Гарэзу. Здавалася, кіпцюры драпежніка ўжо пранізваюць няшчасную ахвяру. Але рэакцыя вавёрачкі аказалася хутчэйшай за атаку ястраба. Яна проста расслабіла вострыя кіпцюры і паляцела ўніз, быццам ветрам яе здзьмула з таго сухога сучка. У падзенні яна спрытна ўхапілася за ніжнюю галінку дуба, у два скачкі дасягнула дупла і дала нырца ў яго выратавальную глыбіню.
Ад гэтага здарэння сямейка вавёрак апамяталася няхутка. Ні малыя, ні іх маці Рыжуха ніяк не асмельваліся вылезці з дупла. Да вечара так і прасядзелі, забыўшыся пра голад.
Толькі на змярканні вавёрачкі пабеглі шукаць ежу. І куды падзеліся іхняя ўпэўненасць і смеласць? Яны пастаянна і вельмі ўважліва прыглядаліся цяпер да наваколля, хаваліся пры кожным падазроным руху ў гушчары. Само жыццё ў адзін момант навучыла маладняк таму, што так доўга і старанна тлумачыла маці.
Варыянт 2 (160 слоў)
Ранак свяціўся яркім сонцам. Промні разагналі туман, яго рэшткі аселі на траве і свяціліся мільярдамі росных кропелек.
Сямейства вавёркі Рыжухі радавалася цудоўнаму надвор’ю. Ваверчаняты паснедалі і гулялі на галінах дуба.
Вялікі ястраб ужо некалькі хвілін сачыў за даўгахвостай сямейкай. Схаваўшыся за густымі іголкамі высознай хвоі, ён выбіраў момант для нападу.
Узмах крылаў – і яны імгненна выносяць ястраба прама на бездапаможную Рыжуху. Здавалася, кіпцюры драпежніка ўжо пранізваюць ахвяру. Але рэакцыя вавёрачкі аказалася хутчэйшай за атаку ястраба. Яна проста расслабіла кіпцюры і паляцела ўніз, быццам ветрам яе здзьмула з таго сухога сучка.
Ад гэтага здарэння сямейка апамяталася няхутка. Не толькі малыя, але і сама Рыжуха ніяк не асмельвалася вылезці з дупла. Да вечара так і прасядзелі, забыўшыся пра голад.
Толькі на змярканні вавёрачкі пабеглі шукаць ежу. І куды падзелася іхняя ўпэўненасць і смеласць? Яны вельмі ўважліва прыглядаліся цяпер да наваколля, хаваліся пры кожным падазроным руху ў гушчары. Само жыццё навучыла маладняк таму, што так доўга і старанна тлумачыла маці.
Паводле В. Жушмы
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вавёрка
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Лясная гаспадыня