Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шляхецкае гняздо

   Першае ўяўленне пра панскі маёнтак звязана ў нашай свядомасці з родамі Радзівілаў і Сапегаў, Кішкаў і Горватаў, Плятэр-Зібергаў, Энгельгартаў, Паскевічаў, а таксама з імёнамі славутых еўрапейскіх дойлідаў Бернардоні і Сака, Бекера і Глаўбіца, Спампані і Пёпельмана. У маляўнічых замках Нясвіжа ці Міра меліся не толькі залы для баляў, музычныя і тэатральныя гасцёўні, але і галерэі карцін, рыцарскія залы, бібліятэкі і г. д. Асяроддзе, у якім праходзіла жыццё людзей, што адыгралі вялікую ролю ў гістарычным лёсе Беларусі, адпавядала самым высокім эстэтычным і мастацкім запатрабаванням свайго часу.
   Па планіроўцы фальварачны маёнтак набліжаўся да таго тыпу сялянскага жылля, які звычайна завецца хатай на дзве палавіны. У цэнтры знаходзіліся ганак і сенцы са скразным высйсцем на двор. Злева і справа – жылыя пакоі, колькасць якіх абумоўлівалася заможнасцю ўладара.
   Наглядна ўявіць сабе тую абстаноўку дапамагаюць педантычныя радкі старадаўніх інвентароў, што перыядычна складаліся, каб засведчыць стан маёмасці для вызначэння дзяржаўных падаткаў, афармлення продажу, арэнды ці спадчыны. Асноўнымі памяшканнямі тут былі сені, сталовая, два вялікія пакоі іх міласцей, некалькі пакойчыкаў і алькоў. Мелася характэрная для маёнткаў галерэя, цокальны паверх і склеп. З абсталявання вылучаюцца каміны, кафляныя печы, інкруставаная мэбля, аздабленне сцен сукном.
   Унутраная будова панскага маёнтка заўсёды падпарадкоўвалася агульнай кампазіцыі сядзібы. Так, ганак знаходзіўся на адзінай восі з брамай і пляцоўкай з клумбай ці зялёным газонам. Яны нібы перацякалі па прыступках ганка ў прастору вестыбюля. Калі палац меў некалькі паверхаў, прасторавае развіццё падхоплівалася размешчанай за вестыбюлем параднай лесвіцай.
   Неад’емным элементам маёнтка з ХVІІІ стагоддзя становіцца бальная зала. Звычайна па плошчы яна была блізкай да вестыбюля і разам з ім стварала аб’ём, дзякуючы якому план дома набываў форму крыжа. Вестыбюль і парадная зала стваралі ў планіроўцы прамавугольнік, падзелены на два квадраты. Але ў эпоху барока прастора параднага памяшкання стала авальнай ці круглай формы. Акрамя сувязі з вестыбюлем, зала мела выхады ў пакоі.
   Для будаўніцтва маёнтка заўсёды выбіраліся зручныя месцы з прыгожымі краявідамі. Адным з тыпаў былі сядзібы, узведзеныя на крутым беразе, як, напрыклад, маёнтак Хальч у Веткаўскім раёне, размешчаны на левым высокім беразе Сожа. З прасторнага балкона адкрываліся цудоўныя краявіды на шырокі поплаў з ракой, абшары лясоў, гарадок Ветку. Прыемна было тут цёплым вечарам любавацца зіхаценнем вады, слухаць прыгонных музыкаў.
   У ХVІІІ – ХІХ стагоддзях сцены панскага дома аздабляліся шпалерамі, габеленамі, карцінамі з аксаміту, якія вырабляліся на радзівілаўскіх мануфактурах у Міры і Нясвіжы, Альбе і Слуцку, мануфактурах Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, на каралеўскіх мануфактурах Тызенгаўза ў Гародні. Над тэхналогіяй і арнаментыкай гэтых тканін працавалі майстры з Францыі, Германіі, Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі. Для малюнка браліся не толькі мясцовыя ўзоры, але і сюжэты з палотнаў сусветна вядомых мастакоў.
   Неад’емны элемент інтэр’ера палаца – кафляныя печы. У ХVІІІ стагоддзі надзвычайным попытам карысталася паліхромная кафля мануфактуры М. К. Агінскага ў Целяханах і радзівілаўскай фабрыкі ў Свержані. Беларускія майстры не толькі ўвасобілі ў кафляных вырабах самабытныя нацыянальныя рысы, але і далі новую інтэрпрэтацыю матывам саксонскай і французскай кафлі.
   Фаянсавы, фарфоравы і шкляны посуд рабіў інтэр’еры пакояў утульнымі, радаваў вока прыгажосцю формаў і ігрою святла. З сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя фаянсавыя мануфактуры ў Целяханах, Гародні, Свержані, Карэлічах ужо выраблялі вазы, сталовы посуд, пісьмовыя прыборы, цацкі і г. д. З шкляных мануфактур шырока вядомыя ў гэты час радзівілаўскія ва Урэччы і ў Налібоках.
   Дапаўнялі ўбранне інтэр’ераў люстры і бра, кандэлябры і падсвечнікі. У іх формах і аздабленні ужываліся варыяцыі расліннага і зааморфнага паходжання, а таксама мудрагелістыя элементы стылю барока і ракако.
(543 словы)

Паводле А. Лакоткі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКолішняя сядзіба

Пераказы, дыктантыХутарская сядзіба