Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Чырвоны касцёл

   На плошчы Незалежнасці, сярод гарадскога шуму і сучасных шэрабетонных будынкаў, ён стаіць, нібы старадаўні рыцар у чырвоных даспехах. Чырвоны касцёл, або касцёл Святых Сымона і Алены, з’яўляецца візітнай карткай Мінска. Сучасны Мінск немагчыма сёння ўявіць без гэтага будынка. А між тым касцёл мог знікнуць: яго хацелі знесці, каб не псаваў сваім выглядам галоўную плошчу рэспублікі, і пабудаваць на тым месцы вялікі кінатэатр. Або хаця б перарабіць яго так, каб будынак не быў падобны да касцёла. На шчасце, разумныя людзі заступіліся – і горад захаваў яшчэ адну прыгожую легенду.
   У сям’і Вайніловічаў, багатых мінскіх арыстакратаў, раслі двое цудоўных дзяцей – Сымон і Алена. Нечакана дзеці адно за адным захварэлі, а ў пачатку дваццатага стагоддзя не было яшчэ лекаў ад многіх хвароб. Першым памёр чатырнаццацігадовы Сымон, а праз нейкі час захварэла і Алена – разумніца, таленавітая мастачка, гонар бацькоў. Расказваюць, што аднойчы ў сне да Алены прыходзіла Маці Божая. Яна сказала, што не можа даць ёй здароўя, але дапаможа яе бацькам перажыць гора. Патрэбна, каб яны ўсё сваё багацце аддалі на пабудову касцёла з чырвонай цэглы, з чырвонымі сценамі і чырвоным дахам, бо чырвоны колер – колер радасці. Гэты касцёл будзе для бацькоў радасцю і суцяшэннем, бо там, у касцёле, яны будуць адчуваць прысутнасць сваіх дзяцей. I перад вачыма Алены ў паветры ўзнік абрыс будынка з чырвонай цэглы. Назаўтра Алена намалявала ўбачаны ў сне святы храм і памерла, так і не дажыўшы да свайго дзевятнаццацігоддзя.
   Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія ў памяць аб сваіх памерлых дзецях пабудавалі Чырвоны касцёл. Ён атрымаўся менавіта такім, якім убачыўся Алене ў сне, бо Вайніловіч паставіў умову: ніхто не можа змяніць яго праект. Хутка паўставалі муры з незвычайнай чырвонай цэглы. I вось у лістападзе 1910 года ўвесь горад сабраўся на асвячэнне новага храма. Назвалі яго ў гонар Сымона і Алены. Гмах касцёла стаў адной з найцікавейшых пабудоў дваццатага стагоддзя ў Мінску.
   Як і многія іншыя святыні Беларусі, перажыў касцёл Сымона і Алены цяжкія часы пры новай уладзе. У 1932 годзе яго зачынілі. Пэўны час карыстаўся будынкам Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым у ім была кінастудыя. А з пачатку сямідзясятых гадоў у будынку касцёла знаходзіўся Дом кіно.
   У 1990 годзе Чырвоны касцёл зноў стаў храмам, і ў ім зноў загучала малітва. У многім аднавіўся інтэр’ер касцёла. Перад будынкам з’явілася бронзавая скульптура архангела Міхаіла, які забівае пачварнага змея. А зусім нядаўна ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі з японскага горада, які таксама перажыў атамную катастрофу, у Беларусь быў прывезены помнік, які ўстанавілі перад Чырвоным касцёлам. Звон у чорнай арцы нагадвае: чалавецтва не павінна забывацца пра трагедыі, якія спарадзіла сваёй неразумнасцю і жорсткасцю.
   Пра Чырвоны касцёл складзена шмат вершаў і песень. У яго сутарэннях знаходзяцца вялікая польская бібліятэка імя Адама Міцкевіча, тэатральная зала, дзе паказвае свае спектаклі Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зьніч», адбываюцца канцэрты духоўнай музыкі.
(455 слоў)

Паводле Л. Рублеўскай.

Похожие статьи:

ПераказыДом Ваньковічаў

ПераказыГарадскія скульптуры

ПераказыЛошыца

ПераказыГісторыя пра аптэкара

ПераказыМінская ратуша