Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Цімафей-паляўнічы
У кватэры цёткі Тані і дзядзькі Андрэя адзначалі важную падзею: кошка Моця прынесла ажно шасцярых кацянят. Двое прыгожых персаў мелі белую афарбоўку, цёмныя "боцікі" на лапках, двое былі зусім чорныя, пяты – дымчаты, а шосты – наогул нейкай тыгровай масці.
Змясцілі ўсіх кацянят у вялікую скрынку побач з батарэяй, каб малым цяплей было. Моця пастаянна вылізвала сваіх дзетак і пяшчотна пры гэтым вуркатала.
З выпадку нараджэння кацянят цётка Таня купіла вялікі торт, паставіла на стол самавар і запрасіла ўсю сям’ю на чай. За сталом абмяркоўвалася важнае пытанне: каму аддаць кацянят? Дзядзька Андрэй прапанаваў патэлефанаваць усім знаёмым і аддаць кацянят бясплатна, проста ў добрыя і клапатлівыя рукі.
Маша закрычала:
– Аддайце мне беленькага, у "боціках". Я назаву яго Цімошкам! I прозвішча ў яго будзе Вуркоцін!
Дзядуля падтрымаў унучку:
– Пакуль ён маленькі, будзем зваць Цімошкам. Калі падрасце, ператворыцца ў Ціму. А як зусім вялікім стане, тады будзе Цімафеем, для саліднасці.
Маша завязала маленькі чырвоны банцік Цімошку на лапку, каб не пераблыталі.
У выніку тэлефонных перамоў са знаёмымі пад вечар усе кацяняты былі размеркаваны.
Ішоў час. Цімоша хутка падрастаў і з маленькага кацяняці непрыметна ператварыўся ў раскошнага, пухнатага, ласкавага, паслухмянага ката. Усе яго любілі і толькі зрэдку павышалі на Цімошу голас. Калі, напрыклад, кот пачынаў тачыць кіпцікі аб канапу або дзядулева крэсла, тады бабуля ляскала яго па лапках скручанай у трубку газетай. Ад нечаканасці Цімоша прысядаў, потым хаваўся пад ложак і ўважліва назіраў, калі бабуля пакладзе газету на месца. Пасля вылазіў з пакрыўджаным выглядам і адразу ж валіўся на спіну, быццам казаў: "Глядзіце, які я добры!"
Надышла зіма. Дзядуля зрабіў кармушку для птушак і павесіў яе на яблыню каля акна. Для Цімошы насталі самыя цікавыя дзянькі. Гадзінамі праседжваў ён на падаконніку ў чаканні вераб’ёў і сінічак. А калі яны прыляталі, пачыналася "паляванне". Глядзець на гэта было вельмі цікава. Цімоша прысядаў, прыціскаў да галавы вушкі, хвост ягоны пры гэтым хадзіў з боку ў бок, а вусы павольна ўздрыгвалі.
Аднойчы, калі птушкі адляцелі, Цімоша, змарыўшыся ад безвыніковага "палявання", заснуў на падаконніку і зваліўся на падлогу. Пасля гэтага Маша разаслала на падлозе цёплую коўдру.
Аднойчы студзеньскай раніцай да кармушкі падляцела цэлая зграйка сінічак. Дзядуля якраз перад гэтым паклаў туды некалькі кавалачкаў сала – іх любімыя прысмакі. Сінічкі ўзрадаваліся, сталі частавацца. Цімошка імгненна ўскочыў на падаконнік. Але сінічкі і не думалі адлятаць. Тады кот скокнуў на шкло. Сінічкі спалохана разляцеліся. Але і сам "паляўнічы" з грукатам зваліўся на падлогу, прыхапіўшы з сабой любімую бабуліну кветку, што стаяла на падаконніку ў гліняным гаршчэчку. На шум прыбегла бабуля, абураючыся, стала прыбіраць аскепкі гаршчэчка, зямлю і пакамечаныя лісточкі.
У той дзень папала ўсім: і Цімошку, і дзядулю, і Машы за яе выхаванца.
А раніцай бабуля са здзіўленнем убачыла на падаконніку паперку. Надпіс паведамляў: "Назіральны пункт Цімафея Вуркоціна. Гаршчэчкі з кветкамі і вазы не ставіць!"
(451 слова)
Паводле I. Юркіна.