Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Цэнтр Сусвету
Зімою бацька звычайна вяртаўся дамоў на змярканні, а то і позна вечарам. Управіўшыся па гаспадарцы, ён стомлена распранаўся. Адубелы цвёрды кажух пах холадам, снегам і яшчэ тым блізкім пахам, які належаў толькі бацьку. Потым бацька садзіўся за стол бліжэй да лямпы і запісваў алоўкам у сшытку тое, што рабіў у калгасе: ці то капаў, ці то вазіў на конях, ці то складваў... Маці ў гэты час хадзіла ля печы, у якой патрэсквалі дровы, а на чарэні заўсёды было так цёпла і ўтульна.
I агонь лямпы на стале, і хата з белай печчу пасярэдзіне, і маці, і бацька – усё гэта злівалася ў маёй свядомасці ў штосьці суцэльнае, адкуль, здавалася, нічога нельга было адняць, і ўсё гэта, са сваім болем і сваёй радасцю, ляжала ў цэнтры Сусвету, у гэтай цішыні, якая адразу ж пачыналася за парогам у стылым, марозным паветры. I чым далей ад двара, тым цішыня большала, як пад ваду ўсё тое далёкае і чужое апускалася: за агародамі, дзе пачыналася балота, за цёмным непралазным лесам, нават далёкае загадкавае Бярозава ляжала ў цішыні, як у ваце, і таму здавалася пакуль нерэальным, як казачныя сны, якія мне сніліся амаль кожную ноч. А тым болей у цішыні ляжалі застылыя на холадзе дрыготкія зоры, якія штовечар апляталі наш двор, нашу хату, дзе мы жывём, і гэта – як найвышэйшы доказ таго, што цэнтр Сусвету знаходзіўся не недзе там, за гарамі і лясамі ў трыдзевятым царстве, а тут, у нашым двары, у нашай хаце, дзе цяпер сядзіць за сталом стомлены бацька і агрубелаю рукою піша крывымі літарамі ў сшытку, што рабіў днём у калгасе; цэнтр Сусвету пачынаецца ад белай печы, у якой маці пячэ мне і бацьку дранікі; цэнтр Сусвету пачынаецца ад палацяў з саламяным матрацам – у ім бацька абяцаў назаўтра замяніць салому, і тады гэтак добра і соладка будзе яго «ўбіваць»: са шчаслівым смехам бясконца качацца па агромністым распухлым матрацы. Як па тым пахучым сене, якое бацька нядаўна прывёз на санях у двор і вываліў яго на бялюткі снег вялікай, не абысці, капою.
Дзе ўсё гэта?
Я пра цішыню і супакоенасць, якімі некалі была напоўнена душа, пра тыя пахі, якія цяпер зніклі, пах халоднага вечаровага паветра і сіняватага стылага хрусткага снегу, пах вясенняй адталай зямлі, па якой лёгка, самі па сабе, без ніякага намагання, нясуць босыя ногі, і тут жа побач, зусім іншы пах прыстылай асенняй зямлі, з якой людзі выбіраюць бульбу.
Куды дзелася тая яркая, ад чаго аж уваччу рэжа, зеляніна дрэў і яркая стракатасць лугу? Куды дзеўся глыбокі блакіт бяздоннага зваблівага неба, у якое чамусьці хочацца глядзець і глядзець?
I няўжо нашы веды, наша мудрая тэхнізавана урбанізаваная дзейнасць зводзіцца да таго, каб згубіць у сабе гэтае пачуццё прыгажосці і адзінства свету?
(436 слоў)
Паводле В. Гігевіча.
Похожие статьи:
Янка Купала → Янка Купала - Сыны
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Нямоглы бацька