Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хуткацечны час

   – Прывітанне, пляменніца! – пачула з вірлівага натоўпу Таццяна.
   Ад нечаканасці яна скаланулася: такім знаёмым і пяшчотным падаўся жаночы голас. Таццяна хуценька азірнулася і ўбачыла невысокую кабету, якая ішла насустрач. Таццяна адразу пазнала жанчыну, усміхнулася, сэрца ад радасці ёкнула ў грудзях. Гэта ж родная цётачка! Жанчыны павіталіся, абняліся.
   Таццяне яшчэ з маленства запомніўся такі эпізод: разам з мужам цётачка Ганна прыязджае ў госці. Рухавая матуля завіхаецца каля печы, рыхтуе пачастункі. А вось бацька вядзе разважлівую гамонку пра сялянскія навіны. Дзятва, як звычайна, побач. Аднойчы, убачыўшы на дзядзькавым пальцы бліскучы пярсцёнак, Таня асмелілася, папрасіла:
   – Дзядзечка Мікола, калі ласка, дайце прымераць!
   Зірнуўшы са смехам на цікаўную, дапытлівую малую, дзядзька Мікола зняў з рукі залаты пярсцёнак і на поўным сур’ёзе паабяцаў:
   – Калі станеш дарослай, выйдзеш замуж, я падару табе яшчэ лепшы пярсцёнак.
   Пальчыкі ў дзяўчынкі былі тоненькія, быццам ніткі. Патрымаўшы ў руцэ каштоўную рэч, дзяўчынка, расчараваная, аддала яе назад, потым доўга цешыла сябе дзіцячай марай, чакала запаветны падарунак. Таня добра ведала: дзядзька не кідае слоў на вецер.
   Вялікая Айчынная вайна жорстка перакрэсліла ўсё добрае і светлае на белым свеце. Дзядзьку Міколу адразу накіравалі на фронт, з якога ён не вярнуўся.
   Калі дзядзька загінуў на вайне, Ганна Максімаўна засталася адна ў чужой вёсцы. Ні радні, ні надзейных сяброў не аказалася побач – нялёгка было прызвычаіцца да адзіноты, да цяжкай мужчынскай працы. Шмат чаго навучылася рабіць сама. Надумалася ўзяць да сябе жыць сірацінку Любачку – малодшую дачушку сваёй рана памерлай роднай сястры. Любаччын бацька загінуў на вайне. Дзяўчынка расла старанная, працавітая, вучылася добра; Любачка была вельмі падобная да сваёй цёткі. Сёння ніхто і не падумае, што Ганна Максімаўна ёй няродная маці.
   Зірнуўшы на цётку Ганну, Таццяна сама сабе адзначыла: нягледзячы на сталы ўзрост, яна па-ранейшаму заставалася прыгожай жанчынай. Адкрытае аблічча беспамылкова вызначала шчырую, разважлівую натуру; карыя вочы, вялікія, бліскучыя, выпраменьвалі цэлы сноп асаблівага цяпла.
   – Які хуткацечны час! – чамусьці ўздыхнула Ганна Максімаўна.
   Нечакана яна замаркоцілася і, правёўшы па вейках маленькай працавітай далонькай, змахнула няпрошаную слязіну.
   Пагаманіўшы пра жыццё, жанчыны развіталіся ў добрым настроі.
(325 слоў)

Паводле Г. Атрошчанка

 

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Міхаська

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба