Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хлопец з чужой каманды

Дзівосны свет – сам чалавек
З яго душой, любоўю, справамі...

В. Жуковіч.


   Пасля шостага класа Тамару ўключылі ў школьную турысцкую каманду. Вучні старшых класаў вучыліся арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці, а яна павінна была прымаць удзел у эстафеце.
   Аднак у дзень спаборніцтва дзяўчыне паведамілі, што яна замест хворай дзяўчыны будзе ўдзельнічаць у конкурсе па арыентаванні. Тамара паглядзела на карту, і рукі ў яе задрыжэлі. Але не падводзіць жа каманду!
   Нарэшце – старт. Першы «пікет» недзе каля павароту на прасёлак. Тамара збочвае і бачыць дзвюх настаўніц. Адна з іх ставіць подпіс на адвароце яе карты, падказвае, што наступны «пікет» каля крыніцы.
   Не чуючы ног, Тамара ляціць туды. Атрымлівае другі подпіс і бяжыць да трэцяга «пікета». Бяжыць праз лес. Становіцца цяжка дыхаць. Глядзіць на карту, потым на компас. Не можа сарыентавацца! Заблудзілася!
   Раптам з гушчару выбягае высокі худы старшакласнік. З палёгкай Тамара падбягае да яго з пытаннем пра трэці «пікет».
   – Там, ля старога калодзежа. А ты што, заблудзілася? – цяжка дыхаючы, прамовіў ён.
   – Не кідай мяне. Мне страшна! – просіць Тамара.
   Хлопец доўга глядзіць на дзяўчыну, потым бярэ яе планшэт і знікае ў гушчары. Праз некалькі хвілін старшакласнік вяртаецца з трэцім подпісам на яе карце.
   Хлопец хапае Тамару за руку, і яны бягуць далей. Далонь у яго гарачая, доўгія дужыя пальцы ўсё мацней сціскаюць руку дзяўчыны. Яны бягуць праз лес да апошняга «пікета», бягуць насустрач навальніцы.
   – Давай, Тамара! Малайчына!!! – крычаць яе сябры.
   Хлопец, нарэшце, адпускае яе руку. А яго абступаюць сябры. Яны не задаволены вынікам. Напэўна, не спраўдзіў надзей. Затое Тамару ўсе цалуюць і абдымаюць.
   Яна не бачыла больш таго хлопца, не ведае яго імя. Але той поціск гарачай далоні памятае і праз шмат гадоў.
(259 слоў)