Без хлеба не елі ні адной стравы: без хлеба яда – да парога хада. Перш чым падаць што-небудзь на стол, ставілі ці клалі хлеб. Пяклі яго самі, на подзе печы, падсцілаючы дубовае ці кляновае лісце. Самі і ўчынялі рошчыну, мясілі. Самі і ў печ на лёгкай і вельмі чыстай, пасыпанай мукой, драўлянай лапаце садзілі. Калі пёкся хлеб – гэта было свята. Не дазвалялася нічога вастрыць – ні сякеры, ні нажа, ні шыла, не дазвалялася і бегаць, скакаць, грукаць – хлеб мог спалохацца і не ўдацца. Цёплы, толькі што спечаны хлеб абмывалі вадой, клалі на стол, акрывалі чыстым ручніком. Перш чым браць у рукі бохан, яго перахрышчвалі. Без хлеба не выходзілі з хаты («Калі хлеб у возе, то няма бяды ў дарозе»), хлебам-соллю сустракалі самых дарагіх і шаноўных гасцей. Калі ў час яды хлеб падаў з рук, яго падымалі, цалавалі, прасілі дараваць. Папракнуць кавалкам хлеба – самая жорсткая кара; адмовіць, не даць таму, хто прасіў, нават калі сабе не хапала, – грэх. Сапраўдную цану тыя, хто жыў у вёсцы, працаваў на зямлі, расціў яго, ведалі. Быў хлеб – было і да хлеба, усё астатняе, без чаго не ўяўлялася чалавеку шчасце, радасць, жыццё.
(184 словы)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Пераказы → Хлеб (Паводле Б. Сачанкі)
Пераказы → Хлеб для партызанаў
Пераказы → Хлеб (Паводле В. Цітова)
Янка Брыль → Янка Брыль - Сірочы хлеб
Пераказы → Вытаптаны хлеб