Хата… Тут кожная рэч чакае, каб да яе дакрануліся. У ёй жывуць, пакуль не разбураць вятры дах і не прасочыцца святло між бярвенняў. Здараецца, і падлога правалілася, і печ не грэе, і грубка копціць, і цвіль на дзвярах і вокнах, і клямка злізалася, і стаяк не трымае скабу пад зашчапку, згніў увесь, і дах дзіравы, а людзі трываюць, бо будаўніцтва новай хаты ідзе марудна. Моды няма, каб святкаваць улазіны, калі сталярку не паставілі і падлога не панасціланая. Вось з вёсак нанеслі чарніц. Хочаш смачных пірагоў – затапі печ. Хату даглядаюць, як нявесту, каб з вуліцы была, як лялечка, абмаляваная, пафарбаваная… Улетку ўсе сілы і час забірае агарод, а ўзімку затое і рукамі, і спінаю, і пятамі ля грубкі можна адагрэцца на цэлы год і нагаварыцца ўдосталь. Вочы зліпаюцца ад жадання сну, а ўсё слухаў бы і слухаў бы пра тое, што было, што будзе.
Печ і грубка не адпускаюць, не хочацца ўзімку ехаць у вялікі свет, ды патрэба гоніць. Адна за адной жанчыны ходзяць паглядзець, што новага купілі ў хату. Усе хваляць.
На бягу ў хаце не п’юць і не ядуць. Толькі за сталом і толькі, каб усе селі. Здаецца, і невялікая хата, а вяселле на сто гасцей памесціцца, праўда, танцаваць выходзяць на вуліцу. У хаце свае дзівосы: нават ад гульні ценяў, якія дасылае, дзякуючы ветру, лямпачка пад абажурам на слупе, што ўкапаны перад вокнамі на вуліцы, час ад часу недзе пад падлогаю ці на вышках шкрабаюць спадарожнікі жыцця мышы, а на вуліцы мяўкае кошка, просіцца ў хату. Усе пад цёплымі коўдрамі спяць. Ідзе адчыняць дзверы, каб упусціць кошку, хіба бабуля. Госцю ўставаць не прынята. І боязна. Здаецца, што ў вокны глядзяць нябожчыкі, прыглядаюцца, што гэта за чалавек спіць на іх ложку. А ў сонечны дзень жывая казка. Церам-церамок.
(289 слоў)
Паводле Г. Марчука
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Просім у хату, госцейкі нашы!
Пераказы, дыктанты → Людчына хата
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Пра маю старую хатку
Пераказы, дыктанты → Хаты беларусаў
Пераказы, дыктанты → Нашы хаты