Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хата пад таполяй

   У лісце той, колішняй, таполі святочна глядзелася сонца, цешачы вочы Купалы; у тую, колішнюю, таполю ўразаліся ў крону, шчэрбячыся аб яе магутныя сукі, маладзікі і ветахі. А весніцы на панадворак былі поруч з таполяй; на весніцах – прыбітая прыржавелымі ад восеньскіх дажджоў цвікамі бляха з профілем сабачай морды – вушы натапыраныя, надпіс на блясе папярэджваў: "У двары злы сабака". Але гэтым злым сабакам у дваццатыя гады па панадворку бегаў невялічкі вёрткі Султан, які лашчыўся каля ног дзяцей і дарослых, у трыццатыя гады пахаджваў па двары вялізны, пясочна-жоўтай поўсці, задуменны ў сваёй непаспешлівасці Журан.
   На дах дома схіляла голле чаромха, як нявеста ў вэлюме, у маі, у густым засеве чорных ягадак, павабных для птушкі, -- зімою. Рухавыя і розныя, яны паважна і ўвішна дзюбалі дары былой маладухі чаромхі. Перад вокнамі на вуліцу і ў сад рос бэз, кусцісты, высокі. Якраз у пройме гэтага бэзу стаяў, нібы спаконвечны, тапчан, на якім з самай ранняй вясны, як толькі пачынала прыграваць сонейка, днямі праседжвала бабуня, як у хаце пад таполяй называлі маці Купалы. Яна заўсёды першаю запрыкмечвала госця, які кранаўся крамкі на весніцах, уваходзячы ў двор хаты пад таполяй, і была нібы добрым духам, што сустракаў тут кожнага.
   Веранда была зашклёная. Гэта была і веранда, і тое, што на вёсцы называлі б сцёпкай ці каморкай, бо на сценках тут віселі не толькі вялікія вянкі-вязанкі пукатай залацістай цыбулі, меншыя вяночкі дзюбаватага, ружова-малочнага часнаку, але і прыпасы, якім у вясковых хатах раней месца было звычайна на гарышчы ў абвязаных кужалем кошыках.
   Свойскае, вясковае, не з крамы, а зробленае ў хаце, вылежалае ў сваім кубельцы, густым расоле, прыпраўленае перцам, часнаком, шалфеем, каляндрай, пасыпанае чорненькімі ядлоўцавымі ягадкамі, насычанае духам дубовага і хрэнавага лісця, мяты, зуброўкі, вішні, смародзіны, пятрушкі – усё гэта ў хаце вельмі любілі.
(284 словы)

Паводле А. Лойкі

 

Похожие статьи:

ПераказыЛюдчына хата

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Пра маю старую хатку

ПераказыНашы хаты

ПераказыХаты беларусаў

ПераказыПросім у хату, госцейкі нашы!