Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Фрэгат

   Дзеці з захапленнем назіралі, як за акном узмывалі ў неба стрыжы і гэтак жа дружна пікіравалі ўніз. У гэты момант дзверы адчыніліся, у клас зайшла Соф’я Антонаўна, іх настаўніца. Другакласнікі пабойваліся і любілі Соф’ю Антонаўну. Столькі цікавага яна расказвала: пра птушак і звяроў, пра нашых далёкіх продкаў, пра Месяц і планеты Сонечнай сістэмы. Што ж пачуюць яны сёння? А настаўніца спытала, ці ведаюць вучні, што такое фрэгат.
   Паказаў свае веды Віцька. Ён пачаў расказваць пра акіян, моры, пра старадаўнія парусныя ваенныя караблі, якія называліся фрэгатамі.
   Настаўніца спытала, ці ведаюць школьнікі што-небудзь пра іншыя фрэгаты. Руку падняла Дзіна, яна пачала распавядаць пра птушак-фрэгатаў, якіх бачыла ў тэлеперадачы «У свеце жывёл». Гэтыя вялікія марскія птушкі з загнутай дзюбай маюць размах крылаў да двух метраў. Фрэгаты ловяць лятучых рыб, а таксама адбіраюць іх у чаек, калі тыя вынырваюць з вады. Фрэгаты нават крадуць з чужых гнёздаў птушанят. Жывуць гэтыя птушкі там, дзе вельмі цёпла.
   – Ёсць і іншыя фрэгаты, – дадала Насця, дзяўчынка з зялёна-сінімі, як марскія хвалі, вачамі. – Калі ехала з дзедам у вёску, сама бачыла зусім іншы фрэгат.
   Усе павярнуліся да аднакласніцы. Яна часта здзіўляе чым-небудзь незвычайным.
   – Ёсць яшчэ фрэгат, які вельмі дапамагае людзям у час засухі. Гэта такая даўжэ-э-эзная арашальная машына.
   Насця пачала расказваць, як аднойчы ехала з дзедам па Магілёўскай шашы.
   Пякло сонца, і ўсё навокал было жоўтым ад спёкі. Раптам яны ўбачылі ярка-зялёную рунь, якая раскінулася ледзь не да гарызонту. Па ёй марудна-марудна рухалася даўжэзная, нібы гіганцкая гусеніца, машына. З машыны па ўсёй даўжыні ліўся дождж, а над ёй рознымі колерамі адлівалі вясёлкі. Насця пачала распытваць дзеда пра машыну.
   Дзед, які некалі працаваў у інстытуце меліярацыі старшым навуковым супрацоўнікам, расказаў унучцы, што гэта прыстасаванне – арашальная машына і называецца «Фрэгат», як і карабель. Здаецца, што плыве гэта машына па моры, толькі не сінім, а зялёным, і поіць рукатворным дожджыкам паніклыя ад смагі расліны: траву, капусту, моркву.
   Вось такім цікавым і пазнавальным аказаўся ўрок.
(315 слоў)