Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
У родных мясцінах Адама Міцкевіча
Варыянт 1 (250 слоў)
Цудоўны і слаўны Наваградак, горад на высокіх узгорках, які ў далёкія часы быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Там, на адным з зялёных узвышшаў, падымаюцца рамантычныя руіны старажытнага замка. Цёмны сілуэт разбуранай замкавай сцяны вырысоўваецца на фоне блакітнага неба, а ўнізе далёка рассцілаецца паэтычны краявід Наваградчыны.
Гэта былі любімыя мясціны Адама Міцкевіча – вялікага славянскага паэта. У ваколіцах Наваградка ён нарадзіўся, у самім горадзе вырас. Многае тут звязана з памяццю пра вялікага паэта. У доме, дзе ён вырас, дзе жыла калісьці сям’я яго бацькі, наваградскага адваката Мікалая Міцкевіча, створаны літаратурны музей. У ім захоўваюцца многія асабістыя рэчы паэта, яго рукапісы і першыя выданні твораў.
Побач з руінамі замка знаходзіцца Курган Бессмяротнасці, насыпаны рукамі наведвальнікаў гэтых мясцін у памяць пра Адама Міцкевіча. Кожны прыносіў і сыпаў сюды жменьку зямлі. Так і ўзняўся высокі курган, вакол якога растуць ліпы і клёны.
Наваградак звязвае з шашой Брэст – Мінск так званая дарога Адама Міцкевіча. Абапал яе цягнуцца дубовыя і кляновыя лясы. Між магутных ствалоў высокіх дрэў зіхаціць сіняя гладзь возера Свіцязь, праслаўленага паэтам у сваіх творах. Вада ў возеры на дзіва чыстая і светлая. Зялёнай сцяной абступілі возера векавыя дубы. Па яго берагах любіў хадзіць Адам Міцкевіч. Прыгожае і паэтычнае возера, прыгожыя і паэтычныя звязаныя з ім старажытныя легенды і паданні. Возеру Свіцязь паэт прысвяціў свае балады «Свіцязь», «Рыбка», «Свіцязянка». На яго берагах штогод праводзіцца свята песні. Сюды, на Свіцязь, прыходзяць і прыязджаюць людзі з бліжэйшых вёсак, гарадоў, суседніх раёнаў. Над чыстымі водамі возера гучыць музыка. Тут адбываюцца канцэрты народнай самадзейнасці.
Варыянт 2 (158 слоў)
Цудоўны і слаўны горад Наваградак, які ў далёкія часы быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Там, на адным з зялёных узвышшаў, падымаюцца руіны старажытнага замка. Сілуэт разбуранай замкавай сцяны вырысоўваецца на фоне блакітнага неба, а ўнізе рассцілаецца краявід Наваградчыны.
Гэта былі любімыя мясціны Адама Міцкевіча – вялікага славянскага паэта. Многае тут звязана з яго памяццю. У доме, дзе вырас паэт, створаны літаратурны музей. У ім захоўваюцца асабістыя рэчы паэта, яго рукапісы і першыя выданні твораў.
Побач з руінамі замка знаходзіцца Курган Бессмяротнасці, насыпаны рукамі наведвальнікаў гэтых мясцін у памяць пра Адама Міцкевіча.
Наваградак звязвае з шашой Брэст – Мінск так званая дарога Адама Міцкевіча. Абапал яе цягнуцца дубовыя і кляновыя лясы. Між магутных ствалоў дрэў зіхаціць сіняя гладзь возера Свіцязь, праслаўленага паэтам у сваіх творах. На яго берагах штогод праводзіцца свята песні. Сюды, на Свіцязь, прыходзяць і прыязджаюць людзі з бліжэйшых вёсак, гарадоў, суседніх раёнаў. Над чыстымі водамі возера гучыць музыка. Тут адбываюцца канцэрты народнай самадзейнасці.
Паводле В. Вольскага
Похожие статьи:
Пераказы → Замак на плячах гары