Было гэта зімой у час вайны. Доўга затрымаліся немцы на беларуска-ўкраінскай мяжы, а разведчыкам быў дадзены загад дастаць «языка». Ад немцаў іх раздзяляла невялікае балота. На тым баку размясцілася вёсачка на ўзгорку. З краю вёскі, каля самага балота, стаяла лазня. Разведчыкі заўважылі, што кожную суботу паляць тую лазню, а потым грузавая машына прывозіць нямецкіх салдат туды мыцца.
Мікола быў дужы хлопец, вясёлы і смелы. Вось ён з сябрам і задумаў схапіць «языка» з тых, што прыедуць мыцца ў вясковую лазню. Папаўзлі яны ўночы праз балота. Метраў за сто схаваліся ў варонцы ад бомбы і сталі чакаць. Прасядзелі там з самай раніцы, аж пакуль вечарэць не пачало. Змерзлі моцна, проста адубелі. Трохі чаем адаграваліся.
На самым змярканні падкаціла да лазні машына. Выскокваюць з яе фашысты, чалавек, мусіць, трыццаць. Рагочуць, гергечуць па-свойму і ідуць у лазню. Каля грузавіка немец-шафёр застаўся. Ён ходзіць вакол машыны, сцеражэ зброю, што засталася ў кузаве. Часам сядзе ў машыну, каб завесці і прагрэць матор, ды зноў на варту.
Пачакалі хлопцы, пакуль добра сцямнела, і ўзяліся за справу. Падпаўзлі якраз у той момант, калі шафёр адышоў ад машыны, ды так спрытна накінулі яму мех на галаву, што той не пікнуў нават. Анучай рот затнулі, рукі звязалі ды пацягнулі яго ў варонку. Гадзіны дзве парыліся нямецкія салдаты, выйшлі вясёлыя і задаволеныя. Паселі яны ў кузаў, і разведчыкі з імі рушылі ў дарогу.
Так два хлопцы даставілі ў тую ноч дваццаць восем «языкоў» ды яшчэ зброю і машыну.
(240 слоў)
Паводле У. Юрэвіча