Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У лазняку

   Неяк на самым граным тыдні выправіўся Бус у лес: панасіліся ўсе лапці і трэба было надраць лыка, каб сплесці новыя. Праўда, з гэтай работай ён крыху прыпазніўся: лазу лепей драць увесну, калі сама ідзе сок і калі кара ў лазы лёгка дзярэцца. Надрэжаш унізе, шмарганеш – і ўжо ўся лазіна да самага верху стаіць голая. Аднак Бус усё ж спадзяваўся нашморгаць лыка хоць на двое-трое лапцей.
   Хацеў спачатку зайсці па дарозе на свой клін, які з боку поля глыбока ўдаецца ў пушчу, каб паглядзець, ці не патаптаў хто жыта і ці ляжыць на месцы барана, якую ён, заскародзіўшы яшчэ ўвосень ніву, прысланіў да бярозкі. Але перадумаў, разважыў па-іншаму: лепей ён зробіць гэта потым, калі спраўдзіць тую справу, дзеля якой і прыйшоў у лес.
   Ідучы праз белакоры беразнячок, Бус звярнуў увагу на купку станістых, як дзяўчаткі, бярозак, вакол якіх добра вытаптана трава. Памятаў, бацька яму, малому, неяк паказваў такое ж месца (толькі абтаптаныя там былі не бярозкі, а сасонкі) і казаў, што траву вытапталі русалкі, якія якраз тады, пасля Сёмухі, павыходзілі з ракі, каб усё лета жыць у лесе і ў полі.
   Махнуў перад сабою рукой, нібы ачышчаючы ад нечага сабе дарогу, і пайшоў да Шаўковага балота, дзе раслі густыя лазнякі.
   Працавалася яму лёгка і спорна – так, як і ўвесну: надрэжа кару, падчэпіць лязом, шмаргане – і ўся лазіна стаіць распранутая.
   Азірнуўся на круглыя, як стажкі, лазнякі, ля якіх ён пабываў і ўбачыў: яны бялелі свежаакоранымі стваламі і нават сукамі, бо кара не рвецца, садраная са ствала, а пераходзіць на сукі – спачатку на большыя, а затым на меншыя, – і куст распранаецца як не да самай вершаліны.
   На лазняк непрыемна было глядзець, як быццам бачыў нешта тое, чаго б не хацелася бачыць: кусты стаялі нейкія безабаронныя, нібы голыя людзі. Перавёў позірк на зямлю, на кучкі падранай лазы. Іх было шмат.
   – Заканчвай, Бус, працаваць: лазы ўжо хопіць і на дзесяць пар лапцей.
(298 слоў)

Паводле Я. Сіпакова