Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
У жніўні сорак першага
Варыянт 1 (241 слова)
Даспявала патрывожанае лета. У тую ноч за возерам неспадзявана затрубіў лось. Гэта быў першы выгнаны вайной лось, які прывандраваў сюды, за Бесядзь, аднекуль з далёкай Бярозаўскай пушчы.
Раней ласі лічыліся гаспадарамі сярод звяроў у забесядскіх лясах. Магутныя, яны блукалі па звыклых сцежках, аб’ядалі на маладых дрэвах кару. Часам яны пераплывалі Бесядзь, і тады іх можна было бачыць каля вёсак, разам са свойскай жывёлай.
Але наставалі для ласёў дрэнныя часы. У шведскую вайну абедзве арміі – і шведская, і руская – харчаваліся пераважна ласіным мясам. Тады забесядскія лясы недалічыліся сахатых. Вайсковыя каманды палявалі на іх скрозь, здабываючы танна мяса, за якое не трэба было плаціць ні крэйцара, ні рубля. У час паўстання Вашчылы таксама шмат загінула гэтых насельнікаў пушчы. Радзівілавы ўланы ганяліся за ласямі гэтак жа, як і за паўстанцамі. У тыя гады ў еўрапейскіх краінах пайшла мода на ласіны – скураныя рэйтузы. Добрыя ласіны каштавалі вялікія грошы, і ўланы, пільнуючы ў пушчы паўстанцаў, не забываліся пра ласіныя стаянкі. Для іх гэта быў выгадны промысел.
Больш за ўсё пагінула ласёў, калі распрадаваліся землі Рэчы Паспалітай. Тады мясцовыя паны заманьвалі да сябе замежных купцоў і прадавалі ім лес. Прагныя купцы высякалі пушчу не адзін і не два гады. На вызваленых дзялянках пачалі будавацца сяляне. Паступова чалавек станавіўся гаспадаром пушчы. Здарылася так, што менш як за дзве сотні гадоў сахатыя перавяліся за Бесяддзю цалкам. Здавалася, ужо ніколі сахатыя не вернуцца сюды. І вось у жнівеньскую ноч сорак першага года зноў тут затрубіў лось.
Варыянт 2 (160 слоў)
Ноччу за возерам неспадзявана затрубіў лось. Гэта быў першы выгнаны вайной лось, які прывандраваў з Бярозаўскай пушчы.
Раней ласі лічыліся гаспадарамі ў гэтых лясах. Магутныя звяры блукалі па звыклых сцежках. Часам пераплывалі Бесядзь, і тады іх можна было бачыць каля вёсак.
Але наставалі дрэнныя часы. У шведскую вайну арміі харчаваліся пераважна ласіным мясам. Вайсковыя каманды палявалі на сахатых, здабываючы мяса, за якое не трэба было плаціць. У час паўстання Вашчылы таксама шмат загінула гэтых насельнікаў пушчы. Радзівілавы ўланы ганяліся за ласямі, як за паўстанцамі. У тыя гады ў еўрапейскіх краінах пайшла мода на ласіны – скураныя рэйтузы. І ўланы, пільнуючы ў пушчы паўстанцаў, не забываліся пра ласіныя стаянкі.
Больш за ўсё пагінула ласёў, калі распрадаваліся землі Рэчы Паспалітай. Тады мясцовыя паны прадавалі лес замежным купцам. Тыя высякалі пушчу. На вызваленых дзялянках пачалі будавацца сяляне. Менш чым за дзве сотні гадоў сахатыя перавяліся за Бесяддзю цалкам.
І вось у жнівеньскую ноч сорак першага года зноў тут затрубіў лось.
Паводле І. Чыгрынава
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось