Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У глушэчы

   Сябры ішлі па лесе, уважліва гледзячы пад ногі і па баках, каб не збіцца са шляху, якім рухаўся загон. Было зразумела, што воіны трымаліся ланцужком адзін за адным: так заставалася менш слядоў. Ды пільныя хлапечыя вочы заўважалі: вось у адной мясціне застаўся прымяты мох, у маладой хвойкі –  толькі што абламаная галінка, а ў забалочанай нізіне захаваліся і адбіткі ног.
   Чым далей адыходзілі хлопчыкі ад сваёй вёскі і набліжаліся да ўзгоркаў, ці, як іх раней называлі, Сініх Гор, тым гусцейшым станавіўся лес і вышэйшымі дрэвы. Пад імі распасціраўся суцэльны дыван то з верасу, то з моху, то з дурманлівага багуну. Асабліва прыемна ступалася па мяккім імху. Трапляліся, праўда, і вострыя сучкі, але падэшвы ног, загартаваныя ад хады басанож, амаль не адчувалі болю.
   У ніжэйшых мясцінах, між хвояў, сустракаліся зараснікі маладога ялінніку і высокай, ледзь не ў рост чалавека, папараці. Тады трывожна рабілася на сэрцы. Хлопчыкі бліжэй туліліся адзін да аднаго, мацней сціскалі зброю, бо ў гушчары далёка не ўбачыш, таму лёгка знянацку натрапіць на дзіка ці мядзведзя. Ад дзіка можна выратавацца на дрэве, а вось ад крывалапага цяжэй: залезе нават на самую хвою.
   У такой глушэчы ў падарожнікаў узнікала жаданне павярнуць дахаты ці хутчэй дагнаць загон, бо лепш самая жорсткая лупцоўка, чым мядзведжыя кіпцюры.
   Камлі таўшчэзных выварацей, то нядаўніх, то ўжо зусім спарахнелых ад часу, раз-пораз перагараджвалі шлях. Некаторыя дрэвы, падаючы, зачапіліся сукамі за суседнія хвоі і так, нахіленыя, і застылі. І пад імі было небяспечна прабірацца, бо волаты маглі кожнае імгненне абрынуцца ўніз, нішчачы пад сваім цяжарам усё жывое. Там, дзе віхор пракладваў сабе дарогу ў зялёным лабірынце лесу, вывараці ляжалі спрэс, як пачварныя веліканы на нейкім полі бою. І праз такія мясціны не мог пралезці ні звер, ні чалавек. Толькі яшчаркі, нерухома застыўшы на камлях, грэліся на сонцы ды працавітыя дзятлы выстуквалі – аж водгулле ішло – мёртвыя дрэвы, шукаючы на спажыву розных казюрак.
(304 словы)

Паводле М. Чарняўскага

 

Похожие статьи:

ПераказыУ лесе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Сон у лесе

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Стары лес

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - У панскім лесе