Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У вясеннім небе

   Вечарэла. Перад падарожным быў Каўказ. Ён ішоў турысцкай сцежкаю. У галінах дрэў, якія раслі ў горных расколінах, звонка рассыпаўся чысты пошчак чорных драздоў, шчэбет і свіст рознага дробнага птаства. Праваруч аграмадзілася высокая гара. На яе пакатай вяршыні, аточаныя за мільёны гадоў вятрамі, вытыркаліся вострыя каменныя скалы.
   Здаля падарожны пабачыў на адной скале дзвюх прыгожых птушак. Якія яны велічныя!
   Арлы! Ну так, яны!
   Арлы, ледзь прыўзняўшы галовы, глядзелі ў глыбокае сіняе неба. Ці то любаваліся ім, ці, задумаўшыся пра сваё, нечага журыліся.
   Не любавацца такім небам не могуць ні чалавек, ні птушка. Такім любуюцца і ў весялосці, і ў журбе.
   Арлы ўсе глядзелі ў неба...
   Дык вось ты якая – цар-птушка! У сваёй роднай стыхіі – не тое што ў клетцы заапарка. Там ты была нейкай абшарпанаю, са смуткам у нерухомых вачах...
   Падарожны быў надзвычай усцешаны, што яму так пашанцавала – палюбавацца арламі ў гарах. Пашкадаваў, што забыўся акуляры, а то б яшчэ лепш іх разгледзеў...
   Раптам адзін з тых арлоў на скале выцягнуў шыю і – кар-р-р! На ўсю глотку. Чалавек на хвіліну аслупянеў, не верыў сам сабе. З глыбіні яго душы пачала падымацца злосць.
   – Ах вы, вараннё праклятае, гэта ж трэба так замарочыць галаву! – сказаў услых нейкім хрыплым, з ноткамі горычы і роспачы голасам. – I тут вы паддурылі, шэльмы. На скале расселіся. Хіба там ваша месца! За плугамі б хадзілі ды земляных шкоднікаў знішчалі!
   Яму хацелася яшчэ больш зазлаваць на тых усюдыісных нахабніц, але не змог чамусьці. Далей узнікла не злосць, а якаясьці злосная іронія. Ён адчуваў сябе дужа няёмка. Трэба ж! Варон за арлоў прыняў – во канфуз!..
   Нагарнуліся думкі, што здарылася гэта, відаць, ад моцнага жадання пабачыць цар-птушку. А можа, і ад нечага большага? Можа, недзе падсвядома праявілася спрадвечнае непатольнае жаданне чалавека захапляцца прыгажосцю?
   Але чамусьці не хацелася яму тлумачыць сваю прамашку з варонамі такім чынам – прагай чалавека бачыць прыгажосць. Прага прагай, а галава навошта? Глядзі, разумей... Разважаў інакш: дык жа яны нейкія дужа вялікія, горныя, ці што?
   Пакрысе непадуладная розуму прыкрая непрыязь да «шэрых каркалаў» пачала размякчацца. «Аднак... аднак глядзі ж ты, сумелі сябе паказаць. Выходзіць, і варона выглядае прыгожа, калі на яе глядзець не як на варону... Ці калі яна сядзіць на арліным месцы...» Яму карцела зразумець і сказаць сабе нешта галоўнае пра гэтых незаслужана пагарджаных людзьмі птушак, і ён міжвольна пачаў шукаць што-небудзь добрае, што калі чуў ці чытаў пра іх. Далёкая памяць нагадала.
   Кот захацеў паласавацца шпачанятамі і зладзеявата ўзбіраўся па дрэве да шпакоўні. Але калі ён толькі зазірнуў у яе, на яго з галіны кінулася варона. Яна, відаць, сачыла за кацінымі хітрыкамі з самага пачатку і за міг да трагедыі напала на разбойніка. Так дзеўбанула яго ў загрывак магутнай дзюбаю, што ён грымнуўся на дол.
   «Дык што ж атрымліваецца? – разважаў ён. – Варона і разумная, і самаадданая, і высакародная, а да яе больш як да каго пагарды. Арла ж тым часам сцярвятнікам называюць, а ён – цар-птушка. Таму што смелы, горды, непакорны? Але ж і ў яе вунь колькі смеласці!..»
   Разважаючы так, падарожны азірнуўся на варон, міма якіх ужо прайшоў. Птушак там не было. Яны ляцелі над гарою, падымаліся ўсё вышэй. I ён падумаў: «Ну чым не арлы!.. Ці, можа, і сапраўды ўсё ж яны?..»
(515 слоў)
   
Паводле А. Курскага.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПесня птушкі

Пераказы, дыктантыУладар начной пушчы

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Сінічкі

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Птушыныя напевы

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Птушыная мова