Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У вольны дзень

   Дзень вольны, і Веньямін наважыўся схадзіць у грыбы. Канец верасня, а па-ранейшаму цёпла, як летам. Хочацца вось так, дыхаючы на ўсе грудзі, ісці прасёлкавай дарогай, глядзець на лес, на ўзгорыстае поле.
   Веньямін любіць мяккія, задуменныя краявіды Беларусі. Дзе б ні быў ён за час службы ў арміі, а такіх прыгожых мясцін, як тут, нідзе не бачыў. Найвышэйшая прыгажосць тая, што пазнаецца з дзяцінства, бо яна глыбей западае ў душу. Таму такія любыя родныя мясціны і наяве і ва ўспамінах. Яны як песня, як музыка. Відаць, сама прырода нараджае музыку роднай зямлі.
   Веньямін нарадзіўся і вырас на Палессі. Там адметныя, трохі аднастайныя краявіды, якія вабяць разлогамі і шырынёй. Там калі лес, дык ад вёскі да вёскі, на нязлічаныя доўгія вёрсты. Дзень ідзі, а канца не ўбачыш. І вёскі на Палессі не такія, як тут, у Сярэдняй Беларусі. Там – сёлы, мнагалюдныя, пыльныя, з вуліцамі, што па даўжыні могуць супернічаць з гарадскімі праспектамі. Сярэдняя Беларусь, да якой належыць Князева Сяло, мае сваё хараство. Лясы тут невялікія, балот мала, найбольш – палі. Але краявіды, магчыма, прыгажэйшыя. Узыдзеш на пагорак – і перад табой як на далоні шырокая разлегласць: няроўнае, як бы ўздыбленае застылымі хвалямі, поле, пералескі на схілах узгоркаў, прыгожыя вёсачкі, што туляцца па ярах.
   Лес пачаўся маладым сасоннікам. Пясчаная дарога вільнула ўлева, і Веньямін рушыў па сцяжынцы.
   Першыя грыбы, на якія ён трапляе, – сямейка маслякоў. Вытыркнуліся на самай лысіне пясчанага грудка, зарослага наздраватым лішайнікам. Трапляюцца і сыраежкі. Іх многа, але Веньямін бярэ цёмна-барвовыя і зеленаватыя.
   Далей ён ідзе па дарозе, бо наперадзе суцэльнай сцяной стаіць яловы лес. За ельнікам – лугавіна, якую перасякае насып-дарога. Лугавінай хлопец дабіраецца да ручая. Кладкі праз ручай няма, і ён зноў узыходзіць на дарогу, каб перайсці ручай па мастку, які віднеецца ўдалечыні.
(284 словы)

Паводле І. Навуменкі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБаравічкі

Пераказы, дыктантыГрыбы ў павер’ях

Пераказы, дыктантыГрыбныя дажджы

Пераказы, дыктантыНастасін гай

Пераказы, дыктантыВеснавыя грыбы