У асеннім лесе цішыня, спакой і царства фарбаў, колераў. Не зварухнецца ні адна галінка на дрэве. А дрэвы ў гаі – быццам у казачным палацы. Верасень ужо кінуў на дрэвы крыху розных фарбаў. Нечакана бярозавы лісток ціха лёг мне на плячо. Я асцярожна ўзяў яго, угледзеўся: колькі сонечнага цяпла падаравала яму лета! І яшчэ мне здалося: часцінка гэтага цяпла так і засталася ў ім.
Крочу па зялёным мяккім моху далей. Які цудоўны дыван разаслала тут прырода! Колькі прыгоства і хараства! Бярозы расступаюцца, быццам хочуць даць камусьці месца. На невялікай палянцы стаіць магутны дуб. Ён узнёс сваю вершаліну высока ў неба, і ва ўсёй яго постаці столькі важнасці, гонару, што бярозы нават баяцца падысці да яго блізка. Яны тоўпяцца навокал, такія стройныя, беланогія, як тыя дзяўчаты ў карагодзе.
Раптам у лесе штосьці загуло. Я зірнуў угору, вершаліна дуба злёгку варухнулася. Там, уверсе, налятаў бязлітасны вецер. І дуб, прыняўшы яго на сябе, як бы папярэджваў сваіх суседак-бярозак: будзьце напагатове, бярэцца вецер, я прыкрываю вас як магу, але ж і вы трымайцеся. І ў тую ж хвіліну бліснула, дробна задрыжала лісце на бярозках. Быццам дзякавалі яму, дубу, за перасцярогу, за клопат пра іх.
Я доўга ўспамінаю гэтую сустрэчу з бярозавым гаем, у вушах маіх стаяла яго трывожная песня. Я бачыў перад сабой зграбныя пяшчотныя бярозкі, чуў іх прыглушаны шэпт. А над бярозамі, быццам закрываючы іх ад ветру, стаяў асілак-дуб. І мне падумалася: жыццё лесу шмат з чым падобнае на жыццё людзей.
Паводле М. Шыманскага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → У лесе
Максім Гарэцкі → Максім Гарэцкі - У панскім лесе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Сон у лесе
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Стары лес