Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Успаміны

   Паліна добра памятае той дзень, калі яна ўпершыню ўбачыла сваіх вучняў.
   Клас глядзеў трыма шырокімі вокнамі ў школьны сад. Сярод асенняй лістоты віселі чырванабокія яблыкі. Паветра ў класе ад дрэў было зеленаватае. Хлопчыкі сядзелі ў аднолькавых цёмна-сініх гарнітурчыках і белых кашулях. Дзяўчынкі былі ў беласнежных фартушках. Яна толькі і бачыла, здавалася, гэтыя белыя манішкі і фартухі: вельмі хвалявалася, нават больш, чым тады, калі давала першы ўрок у сваім настаўніцкім жыцці.
   Але хваляванне адразу ж пакінула Паліну, як толькі яна пачала знаёміцца з вучнямі, выклікаць іх па спісе. Усе былі такія прыгожанькія, прычасаныя, ціхенькія, а слухалі так, нібы ніколі і нідзе не чулі цікавейшага за тое, што зараз расказвала ім настаўніца.
   Паліна нават не ўяўляла, што могуць быць такія дзеці.
   Праўда, яна лічыла, што дзеці такія ў першыя дні вучобы, адразу пасля летніх канікулаў, а потым стануць, як і ўсе. Вось толькі асвояцца з ёй, з іншымі настаўнікамі.
   Але ішлі дні, тыдні, а дзеці былі такімі ж, як і ў першы дзень заняткаў. Яны нават на перапынках, калі вузкія калідоры поўніліся вучнямі ўсіх класаў і станавіліся цеснымі, не бегалі, не скакалі, не тузаліся, не ездзілі адзін на другім верхам, не коўзаліся на слізкай паркетнай падлозе, а, застаючыся ў класе, рыхтаваліся да наступнага ўрока, нешта чыталі, пісалі. Калі ж і выходзілі ў калідор, то спыняліся ля акна, стаялі моўчкі ці гутарылі пра што-небудзь. Дзяўчынкі любілі, узяўшыся за рукі, прагульвацца, не адыходзячы далёка ад свайго класа. «Ах, які клас, які клас! Там жа проста адпачываеш, такія дзеці...» – толькі і чула Паліна ад сваіх калег. I яна радавалася, што ёй пашчасціла быць класным кіраўніком у такім выхаваным класе.
   А хутка, калі Паліна прывыкла да класа, да выключнай паслухмянасці сваіх вучняў, ёй усё часцей здавалася, што дзеці яе нейкія ўжо абыякавыя і, можа, таму такія паслухмяныя. Праўда, яны ахвотна збіралі макулатуру, выпускалі насценную газету, амаль усе спявалі ў класным хоры – усё гэта рабілі, можа, нават лепш за вучняў іншых класаў, але рабілі толькі таму, што ім загадвалі гэта рабіць. Паліна стала больш пільна прыглядацца да дзяцей. I чым больш прыглядалася, тым больш пераконвалася, што яны не такія, якімі павінны быць дзеці гэтага ўзросту.
   Яна ўспомніла сваё дзяцінства. У іх жа школе вучні, асабліва з таго класа, у якім вучылася яна, звычайна не чакалі загадаў, а самі стараліся рабіць усё. I запісваліся ў гурткі, і хадзілі ў паходы па родным краі, і працавалі ў калгасе.
   Неяк пасля ўрокаў Паліна зайшла да завуча школы Яўгена Кірылавіча, каб пагутарыць.
   Яна верыла завучу не толькі таму, што з яго думкай лічыліся ўсе ў школе, а, галоўным чынам, таму, што ў яе яшчэ са школьных гадоў захавалася да яго тая вучнёўская даверлівасць, якая толькі і бывае ў вучняў да сваіх любімых настаўнікаў.
   Яна і цяпер перад ім адчувала сябе вучаніцай.
   Яўген Кірылавіч сустрэў Паліну прыязнай усмешкай, папрасіў садзіцца на канапу, якая стаяла паўз сцяну насупраць акна, і сам сеў побач.
   – Ну, Паліна Сямёнаўна, расказвайце.
   Яна расказала пра свой клас. Паліна была ўпэўнена, што зараз атрымае слушную параду, як паводзіць сябе ў такой сітуацыі.
   – Радуйцеся, Паліна Сямёнаўна, што не папаліся вам разгільдзяі. Дысцыплінаваныя – гэта ж добра.
   Ён падняўся: відаць, у яго не было больш часу на гаворку.
   – А пакуль паслухмяныя, дык вучыце...
   Паліна выйшла ад завуча супакоеная.
(527 слоў)

Паводле Л. Гаўрылкіна.

Похожие статьи:

ПераказыЧалавек і прырода

ПераказыРоздум