Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Успаміны маленства

   Выган сёння не пазнаць, бо ён ужо не паша для гусей ды свіней, а проста адна з ваколіц.
   Раней гэта было вялікае роўнае гала, зялёнае ад гусценькай мураўкі, якую кожны дзень з ранку да вечара дружна падгрызалі свінні. Цяпер, калі даўно ўжо ніхто не ганяе сюды свіней, мураву ўзяліся выцясняць густыя купінкі сіўцу ды мяцёлачкі метлюкоў.
   Даўно зараслі, згубіліся на Выгане і сляды майго маленства. Спярша я ганяў сюды чараду гусей, падросшы, зрабіўся і бяззменным свінапасам.
   З кожнага двара нашай вёскі былі тут свіныя пастушкі́ і пасту́шкі. Тут мы і гулялі, забаўляліся, ды не вельмі разгульваліся, бо трэба было глядзець свіней.
   Больш за ўсё стараліся адганяць іх ад недалёкага лесу, адкуль не раз падкрадваліся ваўкі. Не менш пільна глядзелі мы, каб свінні не залезлі ў шкоду.
   Аднак маё пастушкоўства прывяло раз да шкоды. Віноўнікам яго быў... Янка Маўр. Я так зачытаўся яго «Палескімі рабінзонамі», што забыўся, на якім знаходжуся свеце, і не заўважыў, як мае свінні ўлезлі ў Салімонішыну бульбу. З бязлюднага вострава сярод балот, на якім разам з двума такімі ж, як і сам, вясковымі хлопцамі прабіраўся таемнымі звярынымі сцежкамі і я, мяне вярнуў на Выган прарэзлівы жаночы лямант. Гэта Салімоніха ўгледзела ў сваёй бульбе маіх свіней. Калі я ўбачыў, што нарабілі свінні, хацелася праваліцца скрозь зямлю. На маё шчасце, маці тады ўсё ж разагнала грымотныя навальнічныя хмары, якія навіслі нада мной, аднёсшы Салімонісе добры кош бульбы за патраву.
   Значна пазней, ужо як мінчанін, я стаяў на ганку Тэатра юнага гледача ў невялічкай пісьменніцкай кампаніі, дзе самы старэйшы з нас Іван Міхайлавіч Фёдараў вельмі цікава расказваў, чаму ён для свайго псеўданіма ўзяў гэтае нетутэйшае слова – Маўр. Мяне ў сваю чаргу падмывала тады расказаць вельмі паважанаму пісьменніку Янку Маўру, як праз яго я калісьці нарабіў шкоды. Але я ўстрымаўся, падумаўшы, што пра такое ён, пэўна, наслухаўся нямала.
(301 слова)

(Паводле К. Цвіркі)

 

Похожие статьи:

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра - ГДЗ

Янка МаўрЯнка Маўр - Лацароні

Янка МаўрЯнка Маўр - На крызе

ПераказыСвінапас

Янка МаўрЯнка Маўр - Палескія рабінзоны