Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэатральны этыкет

   Ва ўсіх даведніках па тэатральным этыкеце напісана, што нельга перашкаджаць акцёрам на сцэне. У глядзельнай зале павінна быць цішыня. Але ў даведніках не пішуць пра наступствы для тых, хто парушае гэтыя правілы. А гэта важная інфармацыя. Шыканне вашай настаўніцы, заўвагі адміністратара і нават патрабаванне выйсці з залы гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тым, што можа быць, калі вы захочаце даняць шумам, выкрыкамі акцёраў і рэжысёра. Вядомы расійскі рэжысёр-эксперыментатар неяк расказаў пра тое, як на спектаклі трое падлеткаў пачалі гучна адказваць акцёрам. Іграць было немагчыма...
   Ролю слуг у пастаноўцы выконвалі прафесійныя каратысты. Калі спектакль быў на мяжы зрыву, рэжысёр адправіў гэтых слуг у залу. Яны падышлі да хлопцаў. Адзін з акцёраў ударыў па суседнім крэсле – і спінка раскалолася. У зале наступіла ідэальная цішыня. Так што празмерна вясёлым і знаходлівым у час спектакля не трэба забывацца, што на сцэне прафесіяналы. Яны змогуць вас правучыць, не перапыняючы пры гэтым дзеяння. А глядзельная зала падумае, што так задумана аўтарам.
   Цікава, што для самых актыўных рыхтуюцца спектаклі, на якіх можна крычаць, перашкаджаць акцёрам, выходзіць на сцэну. Напрыклад, гэта сваім гледачам дазваляе форум-тэатр. Калі вы любіце пашумець у зале – вам туды. Спектаклі форум тэатра складаюцца з дзвюх дзеяў. У першай акцёры разыгрываюць перад гледачамі нейкую праблемную сітуацыю. У другой яны зноў іграюць тое самае, але ў любы момант глядач, якому не падабаецца ход падзей, можа ўзняць руку і сказаць: "Стоп! " Можна выйсці на сцэну, замяніць аднаго з акцёраў і прапанаваць сваё рашэнне канфліктнай сітуацыі.
   Самым спрэчным сярод правілаў тэатральнага этыкету не каторым падаецца правіла пра святочную форму адзення. Безумоўна, традыцыйная пастаноўка патрабуе акадэмічных убораў. Арганічна выглядаюць тэатралы ў вечаровай сукенцы ў оперы. На эксперыментальным лялечным спектаклі вам могуць прапанаваць сесці на падушкі, раскіданыя на падлозе. У такім выпадку, відаць, джынсы будуць дарэчы. Драныя джынсы, апранутыя на балет, у тэатр з аксамітнымі крэсламі і пазалотай на ляпніне, – гэта свайго роду выклік традыцыі. Думаецца, у адносінах да тэатральнага этыкету ёсць правілы, якія не ставяцца пад сумненне. Самыя галоўныя наступныя.
   Першае: нельга спазняцца на спектакль. Калі ж добрыя білецёры пашкадавалі вас і пусцілі ў залу са спазненнем, то не трэба шукаць сваё месца. Лепш заняць вольнае крэсла, якое знаходзіцца бліжэй за ўсё. Можна папрасіцца на балкон, каб не перашкаджаць больш дысцыплінаваным гледачам.
   Другое правіла: нецікавыя спектаклі сапраўды бываюць, але сыходзіць з іх варта толькі ў антракце, а не тады, калі вам захочацца.
   Трэцяе правіла: перад спектаклем трэба адключыць гук на мабільным тэлефоне. Лепш адключыць тэлефон зусім. Такім чынам вы поўнасцю ўключаецеся ў тэатральнае дзеянне.
   Самае галоўнае правіла: трэба ведаць, што тэатр – мастацтва разнажанравае і складанае. Таму неабходна разумець, на які спектакль вы ідзяце, у які тэатр і з якой кампаніяй. Калі вы ведзяце на спектакль малодшую сястрычку, а яна пачынае капрызнічаць у зале, то, канечне, давядзецца выходзіць, не дачакаўшыся антракту. Калі вы набываеце білеты на традыцыйны спектакль у оперны тэатр, то варта падумаць і пра адпаведнае адзенне. Калі вы лічыце сябе прыхільнікам эксперыментальнага мастацтва, то трэба быць гатовым да ўдзелу ў акцёрскай імправізацыі.
   Такім чынам, тэатральны этыкет пачынаецца з павагі да тэатра, людзей і да сябе.
(498 слоў)

Паводле А. Мальчэўскай.

Похожие статьи:

Алесь БадакАлесь Бадак - У тэатры

Пераказы, дыктантыУ тэатры

Пераказы, дыктантыБеларуская батлейка

Пераказы, дыктантыВялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Наш тэатр