З гары ішоў трубач. Яго труба здалёк працінала ранішнюю цішыню. Сонца цалавала пікі ялінаў. Туман спадаў, і з яго насустрач ранішнім промням выплывалі палі і дамы. А гук трубы пранікаў усё глыбей у лес. Ён гучаў, як заклік, як салодкі смутак, як водгук шматлікіх спадзяванняў.
Гук трубы разлягаўся ўшыркі, вецер нёс яго з галіны на галіну, даносіў да самых глухіх пушчанскіх нетраў.
Звяры пакінулі свае норы. Страсаючы расу на лясных сцяжынах, яны пабеглі за трубой, гук якой трымцеў поклічна і зманліва.
Але за трубачом ішоў паляўнічы і забіваў прыгожых звяроў.
А трубач ужо быў дзесьці за гарамі. Ён апынуўся ў даліне каля возера. Яго труба скалыхнула санлівую ваду. Рыба пакінула цёмныя глыбокія ямы і пачала танцаваць па мігатлівых хвалях. Аднак за трубачом ішоў рыбак, які лавіў вясёлую рыбу сеткай. Трубач так захапіўся, што нічога не заўважаў. Ён выйшаў на прасторны гасцінец. Залатыя пылінкі танцавалі перад ім, а следам з гулам ляцелі пчолы, забыўшы пра кветкі.
Ён падышоў да каралеўскага замка ў гарах і пачаў спяваць на трубе мурам, вежам, сцягам, дзідам і шчытам жаўнераў. Кароль адклаў убок скіпетр. Прынцэса спыніла свой залаты калаўрот. Падманутыя салодкай сілай, ахоўнікі апусцілі зброю і расчынілі браму замка. Але за трубачом ішоў вораг-ліхадзей, які захапіў замак, забіў караля, а ягоную прыгажуню дачку пагнаў у палон. І стары летапісец напісаў на руінах спустошанага замка: «Голас у трубы салодкі, шлях падману такі кароткі».
Гэты надпіс я нядаўна там прачытаў, калі гладзіў далонню замшэлы камень.
(238 слоў)
(К. Скальбэ. Пераклад з латышскай мовы В. Буйвал)