Крайняй вуліцай мікрараён выходзіў на яр, шырачэзны і пусты, разлеглы агромністай няроўнай лагчынай. Яго можна было палічыць зарослым кар’ерам, але не, грунтавой выемкі тут ніколі не было, гэтак ужо ўладкавалася прыродай. Вакол гэтага горада зямля перабучана і пералапачана на дзясяткі кіламетраў, тут угваздалі ў рэчышча гіганцкую плаціну для электрычных турбін, пабудавалі велізарны алюмініевы завод, лесапрамысловы комплекс, з дзясятак іншых буйных заводаў, але і тут засталіся сям-там дзялянкі некранутай зямлі. Адной з іх быў гэты яр, зарослы сярод гліністых пралысін абскубаным кустоўем вольхі, асіннікам ды крапівой. Горад з двух бакоў паўкружжам падступіўся да яго і спыніўся. На трэцім, паўднёвым баку, дзе хадзіла сонца, супрацьлеглым мікрараёну, адразу за ярам цягнуўся ўгару сасоннік, паблізу горада здратаваны, спрэс са слядамі вогнішчаў і падпалаў, але ўсё-такі жывы, прыемна зялёны і зімой, і летам.
За колішнім часам, калі яшчэ рабіліся спробы ахарошваць жыццё, ля стромага берага яра, дзе мікрараён, змайстравалі спартыўны трамплін для скачкоў з лыжамі. І скакалі, спружыніста ўзлятаючы ў паветра, і ляцелі на птушынай вышыні выпнутымі ўперад фігуркамі, нанізанымі на лыжы, і, прызямляючыся, успорвалі снег і доўга каціліся ўніз па схіле. На трамплін з усяго горада збіраліся падшыванцы – тут заўжды было шумна, весела і гармідарна. Пасля, калі жыццё агалілася суцэльнаю ранаю, трамплін закінулі, і ягоная металічная ферма цяпер тырчэла гола і мёртава, бы шкілет.
(210 слоў)
Паводле В. Распуціна (пераклад М. Міхайлавай)