Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тваё слова

   Вясновае сонца прыемна слепіць вочы. Ада ідзе са школы. Партфель у руцэ – нібы плыве ў паветры. Лёгка аблягае плечы адпрасаванае паліто. «Чок-чок-чок», – выбіваюць абцасы па тратуары. Ада ветліва ўсміхаецца прахожым, нібы хоча ім сказаць: «Любуйцеся, якая я прыгожая дзяўчынка. Амаль дарослая...»
   ...Раней Адзе не хацелася быць дзяўчынкай. Яна сябравала з хлопчыкамі, пераймала іх манеры: хадзіла шырокім крокам, горбілася, хавала рукі ў кішэні. Навучылася свістаць.
   Дарослыя часта рабілі ёй заўвагі, пасмейваліся, называлі яе «атаманам». Ада не крыўдзілася за мянушку, наадварот, рабіла ўсё, каб апраўдаць яе. Раней за ўсіх аднагодкаў стала на канькі, злятала на лыжах з такіх горак, з якіх не кожны адважваўся з’ехаць. Нават звалі яе хлапечым імем – Адам.
   У класе толькі адзін Коля Буры не прызнаваў яе верхаводства, загадкава ўсміхаўся і рабіў па-свойму.
   Так было раней. Цяпер жа Ада хоча пазбавіцца ад усіх ранейшых прывычак. Яна ўжо амаль дарослая, і трэба, як кажа стрыечная сястра Ліза, падумаць пра свой выгляд.
   Ада хоча быць прыгожай, дарослай дзяўчынай. Вырашыла ў першую чаргу змяніць сваю паходку. Ідучы ў школу, вядома, няма калі думаць пра роўны крок – хаця б не спазніцца. А са школы ніхто не гоніць, можна ісці спакойна. Баялася толькі, каб хто з аднакласнікаў не заўважыў, як яна вучыцца хадзіць па-даросламу, а то яшчэ смяяцца будуць.
   Як на зло, першым заўважыў Коля Буры. Перагнаў яе, азірнуўся і стаў як слуп.
   – Ого, як важна ідзеш! – крутнуў ён галавою.
   – А табе што?! – агрызнулася Ада.
   – Нічога, – сумеўся Коля і пабег у свой двор.
   Ада бачыла, што ён не пайшоў у пад’езд, а доўга стаяў ля веснічак і праводзіў яе позіркам. «Раскажа заўтра ў класе, будзе смяяцца», – падумала Ада.
   Але Коля нікому не расказаў. І не смяяўся. Ада была ўдзячна яму за гэта, хоць і пабойвалася: можа, ён проста чакае зручнага моманту.
   Дні праз два Ада ўбачыла, што пасля ўрокаў Коля не пайшоў дамоў, а падаўся на будоўлю. Яна ведала, што там хлопцы лазяць па недабудаваных дамах, падбіраюць розныя жалязякі, правадкі. І настаўнікі і бацькі за гэта сварацца.
   Каля магазіна сустрэлася Колева маці. І Адзе раптам захацелася выручыць Колю. Яна сказала:
   – Цётка Дзіна, а ваш Коля застаўся насценгазету выпускаць.
   – Добра, дзякуй, – цётка Дзіна пяшчотна паглядзела на Аду.
   Назаўтра Коля ёй удзячна ўсміхнуўся. Значыць, маці расказала яму.
   Так паміж імі ўстанавілася маўклівая згода. Пры сустрэчы з Колевымі бацькамі Ада лічыла сваім абавязкам прыдумаць нейкую прычыну затрымкі іхняга сына. У тым, што ён затрымаецца, Ада не сумнявалася, бо каму хочацца ў прыгожы сонечны дзень ісці дамоў?!
   «Чок-чок-чок», – прыгожа выбіваюць на тратуары выглянцаваныя, праўда, яшчэ не на шпільках, туфлі. Ада задаволена ўсміхаецца прахожым. Яна ўжо амаль дарослая, пазбавілася хлапчуковых манер.
   З пад’езда выйшла цётка Дзіна, здзіўлена пазірае, нібы не верыць, што гэта – Ада, былы «атаман» двара.
   – Цётка Дзіна, а ваш Коля на рэпетыцыі, – усміхаецца ёй Ада.
   Твар цёткі Дзіны хмурнее. Ціха, з нейкім жалем у голасе яна кажа:
   – Ты ўжо, Ада, амаль дарослая. Тваё слова...
   Цётка Дзіна не дагаворвае, паказвае рукой угору. Ада глядзіць туды і раптам бачыць... Колю, які прымацоўвае на ліпе шпакоўню.
   Дзяўчынка маўчыць. Галава яе міжволі апускаецца, чырвань разліваецца па шчоках.
   – Ну, ідзі дамоў, – уступае ёй дарогу цётка Дзіна. – Тваёй жа маці ніхто не сказаў, што ты на рэпетыцыі...
   Ада ідзе. Толькі крок яе ўжо не такі роўны, туфлі не выбіваюць сваё «чок-чок», а сумна шоргаюць па асфальце. І спіна горбіцца, як тады, калі яна не хацела быць дзяўчынкай.
(544 словы)

(Паводле Х. Жычкі)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыРоднае слова

Пераказы, дыктантыХто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?

ССлова

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Слова

ІншаеСлова пра паход Ігаравы