Тамаш Зан больш вядомы ў нашай гісторыі як адзін з кіраўнікоў віленскіх згуртаванняў моладзі, нязломны змагар за народную волю. Гэта ён, актыўны член славутага Таварыства філаматаў (сяброў навук) і старшыня больш шырокага і прадстаўнічага Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці), атрымаў самае суровае пакаранне пасля праведзенага сенатарам Навасільцавым следства: цэлы год турэмнага зняволення ў крэпасці на Урале і бестэрміновае пасяленне там разам з двума іншымі "злачынцамі" – Янам Чачотам і Адамам Судзіным. Імя Тамаша Зана ўвекавечыў у сваіх сусветна вядомых "Дзядах" яго блізкі сябар і паплечнік па тайных згуртаваннях, вялікі паэт беларускай зямлі Адам Міцкевіч, які паказаў нязломнасць духу і самаахвярнасць гэтага галоўнага бунтара спакою на Беларусі ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя.
Значна менш мы ведаем пра Тамаша Зана як паэта. І гэта не дзіўна: раскіданыя па шматлікіх польскамоўных перыядычных выданнях мінулага стагоддзя яго творы амаль недаступныя сённяшняму беларускаму чытачу. Між тым яны заслугоўваюць самай шчырай нашай увагі і прыхільнасці, хаця пісаліся на польскай мове. Для нас Занавы творы цікавыя перш за ўсё тым, што ў іх мы знаходзім шырокае выкарыстанне матываў і вобразаў багатай вусна-паэтычнай творчасці роднага аўтару беларускага народа. Гэты зварот да фальклору меў важны вынік. Тамаш Зан, а разам з ім Ян Чачот і Ануфры Петрашкевіч, якія таксама звярнуліся ў сваёй творчасці да чыстых крыніц беларускага фальклору, зацікавілі вуснай паэзіяй беларусаў яшчэ аднаго сябра-філамата – Адама Міцкевіча, які быў на пачатку сваёй літаратурнай дарогі ў палоне канонаў класіцызму. Гэтым самым яны памаглі яму выйсці на дарогу рамантызму, больш прагрэсіўнага напрамку ў літаратуры.
Сярод твораў Тамаша Зана найбольшую вядомасць атрымалі яго балады, камедыя "Грэцкія піражкі", паэма "Табакерка", асобныя вершы, трыялеты, песні, элегіі.
(260 слоў)
Паводле К. Цвіркі
Похожие статьи:
Літаратары ХІХ стагоддзя → Тамаш Зан