Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Так пачыналася юнацтва
Мінная майстэрня, дзе працавалі партызаны-падрыўнікі, знаходзілася больш як за кіламетр ад стаянкі брыгады, у старым густым яловым лесе. Тут з боепрыпасаў, пакінутых у пачатку вайны, выплаўлялі тол і рабілі міны. Гэта была вельмі тонкая справа. Яна патрабавала вялікай кемлівасці і дакладнасці. Метраў за сто ад майстэрні ў спецыяльным акопчыку сядзеў Іван Пятроўскі. Юнак вельмі асцярожна браў у рукі ржавыя снарады і бомбы і выкручваў узрывальнікі. Гэта быў самы небяспечны «цэх».
– Залатыя рукі ў хлопца. Гадзіннікі толькі яму рабіць, – гаварыў камандзір падрыўной групы Анатоль Матусевіч.
Акрамя гэтага, юнак рабіў націскныя міны – «грабеньчыкі» і «алоўкі», у якіх загваздку ўзрывальніка замяняў ломкі зубец грабеньчыка або графіт алоўка. Зубец і графіт вытрымлівалі сілу спружынкі ўзрывальніка і лёгка ламаліся, як толькі цягнік прыціскаў да зямлі рэйку, пад якой ляжала міна. Цэлымі днямі працаваў юны падрыўнік у майстэрні. А ўвечары, калі згушчалася лясная цемень, Іван выходзіў з баянам са сваёй зямлянкі і пачынаў спяваць.
Аднойчы марозным вечарам сані хутка несліся па лясной дарозе. Спінаю да старога падрыўніка Васіля, які кіраваў коньмі, сядзеў Іван. Вузкая стужка начнога неба над дарогай здавалася светлай паласою. Недалёка ад узлесся сані спыніліся. Падрыўнікі прывязалі коней і падкінулі ім сена. Праз некалькі хвілін на паляну выйшлі чатыры постаці. Снег усюды быў белы, сыпкі. Тут стаяла глыбокая лясная ціш. Падрыўнікі часта спыняліся і прыслухоўваліся.
Іван вёў групу знаёмай сцежкай. Яшчэ ўчора ён разведаў падыходы да «жалезкі».
Падысці да чыгункі на ўчастку Пухавічы – Асіповічы было вельмі цяжка. Усе падазроныя месцы былі абгароджаны калючым дротам, праз кожныя дзвесце метраў узведзены дзоты. Днём і ноччу ў іх сядзелі немцы. Апрача гэтага, летам фашысты высеклі ўздоўж дарогі лес. Пад снегам засталося сухое галлё. Ступіш на яго – яно ламаецца і трашчыць. Партызаны ішлі вобмацкам, цяжкія міны перашкаджалі ім. Прытрымліваючы рукою аўтамат, Іван ступаў вельмі асцярожна. Вось калючая агароджа. Падрыўнікі разгрэблі снег і заляглі. Не прайшло і пяці хвілін, як хады пад агароджу былі прароблены. Пачалі чакаць зручнага моманту. Уперадзе зарыпеў снег. Гэта вартавыя, нібы белыя здані, прайшлі за некалькі метраў ад партызан.
Іван падаў рукою каманду, і падрыўнікі адзін за адным папаўзлі да насыпу.
Далёка пачуўся гудок паравоза. Эшалон ішоў на ўсход, калёсы лёгка выстуквалі на рэйках. Іван здагадаўся, што ідзе паражняк, правяраюць дарогу. Хутка сапраўды праскочылі незагружаныя платформы. Гулкі і лёгкі перастук калёс аддаляўся.
Але на змену яму пачуўся цяжкі грукат, задрыжала мёрзлая зямля. Цягнік набліжаўся. Ён ішоў поўным ходам.
– Буду мініраваць пры падыходзе. Сачыце за вартавымі. У выпадку... – Іван дастаў з кішэні дэтанатар.
Ён папоўз на насып. Дарога тут паварочвае ўлева. Значыць, эшалон паляціць на правы бок. Вядома, зямлёй і абломкамі не заваліць.
Успомніліся ўрокі фізікі ў школе, закон захоўвання інерцыі цела, якое рухаецца. Ён узабраўся на насып.
Міна-«аловак» лягла побач з рэйкай. Асветлены фарамі паравоза, Іван добра быў відаць вартавым. Яго можна схапіць жывым. Партызаны трымалі немцаў на прыцэле. Адзін толькі рух і...
– Хальт! – фашысты кінуліся да яго.
Але ў гэты момант затрашчалі аўтаматы. Вартавых як ветрам здзьмула з дарогі.
Іван саскочыў з насыпу. Ён паспеў прабегчы некалькі крокаў. «Трэба лажыцца, а то выбуховай хваляй знясе», – мільганула ў галаве, і юнак кінуўся ў калдобіну.
Велізарнае полымя шуганула ў неба, уздрыгнула зямля. Уставалі на дыбкі сплюшчаныя вагоны і ляцелі са скрыгатам пад адхон.
Партызаны, адстрэльваючыся, адышлі ў хмызняк.
(525 слоў)
Паводле Я. Зазекі.