Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сімвал жыцця і дабрабыту

   Хлеб – адзін з асноўных прадуктаў харчавання, які выпякаецца з мукі розных збожжавых раслін. Вядомы продкам беларусаў з агульнаславянскіх часоў. Прататыпам хлеба была цёртая груца. Спачатку хлеб выпякалі з прэснага цеста. Выкарыстанне ўкіслага цеста павысіла смакавыя якасці хлеба, падоўжыла тэрмін яго захавання. Тэхналагічны працэс прыгатавання хлеба мала змяніўся на працягу многіх стагоддзяў і выяўляе значнае падабенства ў многіх народаў. Ён складаецца з некалькіх стадый: прыгатаванне цеста, яго вытрымка (квашэнне) і выпяканне хлеба. Цеста рашчынялі на цёплай вадзе з вечара ў спецыяльнай хлебнай дзяжы. У якасці акісляючага кампанента выкарыстоўвалі рошчыну (рэшткі кіслага цеста ад папярэдняй выпечкі), радзей хлебны квас, дрожджы. Каталізатарам служыла і сама пасудзіна. Найлепшай лічылася дзяжа, зробленая з дубовых клёпак. Дзяжу з цестам ставілі ў цёплае месца, накрываючы яе палатнянай сурвэткай і векам, а паверх яшчэ цёплай посцілкай ці кажухом. Зранку цеста мясілі, дабаўляючы муку, і зноў ставілі ў цёплае месца, каб цеста лепш укісла і падышло. Пасля прапальвання печы цеста бралі з дзяжы і ў руках выкачвалі круглыя боханы, якія выкладвалі на драўляную лапату, пасыпаную тонкім слоем мукі. Нярэдка пад боханы падкладвалі капуснае, дубовае, кляновае ці аеравае лісце. З дапамогай лапаты хлеб саджалі ў печ на чысты под. За адзін раз пяклі 5-8 боханаў.
   Спажыўныя якасці хлеба – смак, водар, каларыйнасць, мяккасць, наздраватасць і інш. – залежалі ад віду і гатунку мукі, наяўнасці састаўных кампанентаў, рэцэптуры і тэхналогіі прыгатавання. У беларусаў здаўна асноўным у харчаванні быў жытні (чорны) хлеб. На святы выпякалі пшанічныя пірагі з начынкай і без яе.
   Хлеб у беларусаў, як і ў іншых земляробчых народаў, здаўна служыў сімвалам жыцця і дабрабыту. Ён быў свайго роду сямейным талісманам, свяшчэннай рэліквіяй. Яго абагаўлялі, з ім паводзілі сябе, як з жывой істотай. Калі выпадкова падаў з рук кавалачак хлеба, яго асцярожна падымалі, прасілі прабачэння і з’ядалі. Прыгатаванне хлеба лічылася свяшчэнным дзействам, з якім было звязана мноства звычаёвых правіл, абрадавых нормаў, павер’яў, абярэгаў. Перш чым рашчыняць хлеб, жанчына павінна была чыста памыцца і перахрысціцца, прызваўшы ў сведкі бога, каб хлеб удаўся і добра падышоў. Не раілася рашчыняць хлеб у кепскім настроі, бо гэта, паводле павер’я, уплывала на яго якасць. Пры пасадцы хлеба непажадана было каму-небудзь знаходзіцца на печы, дзеці павінны былі злезлі з яе. Калі хлеб выпякаўся ў печы, не раілася ў гэты час гучна размаўляць, спрачацца ў доме, прымаць выпадковых наведвальнікаў. З такой далікатнасцю і пашанай адносіліся і да начыння, якім карысталіся для прыгатавання хлеба, асабліва дзяжы. Пасля абеду акраец хлеба, загорнуты ў чысты ручнік, звычайна пакідалі на стале. Хлеб быў увасабленнем дастатку і працавітасці і вызначаў сацыяльны статус і аўтарытэт сям’і ў сельскім грамадстве. Ён займаў пачэснае месца не толькі ў матэрыяльным, але і ў духоўным жыцці беларусаў, у шматлікіх звычаях, прыкметах, павер’ях. Хлеб быў неабходным атрыбутам разнастайных абрадаў, урачыстасцей і свят – сватаўства, вяселля, радзін, адкрыцця вясновых палявых работ (заворвання), закладкі новай хаты і інш. Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей. Як ідэйна значымае паняцце хлеб фігуруе ў шматлікіх выслоўях, прыказках і прымаўках, што адлюстроўваюць жыццёвую мудрасць, маральныя ацэнкі, нацыянальныя рысы характару і нормы паводзін у розных жыццёвых сітуацыях: "Хто сее хлеб, той сее праўду"; "Хлеб, здабыты пачэснай працай, салодкі ўдвайне"; "Дзе гаспадар ходзіць, там хлеб родзіць".
(510 слоў)

Паводле В. Цітова

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыХлеб

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Пераказы, дыктантыХлеб

Пераказы, дыктантыХлеб для партызанаў

Пераказы, дыктантыВытаптаны хлеб