Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сімвалы жыцця
Варыянт 1 (248 слоў)
Дарога была няблізкая. З акна машыны Васіль любаваўся аб’інелымі дрэвамі на вуліцах, старымі садамі, новымі дамамі. У кожнай вёсцы сярод новых цагляных дамоў чарнелі пахілыя старыя хаткі з забітымі вокнамі.
– Няўжо ў гэтых хатках няма жывой душы? – запытаўся Васіль.
– Можа, і няма. Старыя паўміралі, а маладыя пакінулі наседжаныя месцы, паехалі, хто працаваць, а хто лягчэйшага хлеба шукаць, – разважаў вадзіцель.
Васіль падумаў, што, напэўна, ёсць і іншыя прычыны, чаму людзі пакідаюць родную зямлю. А яна ж без чалавека, без яго рук нічога не значыць. Яна таксама памірае. Людзі ствараюць вёскі, у вёсках нараджаюцца дзеці, унукі. Дык няўжо наступіць час, калі з вясковых комінаў не ўзаўецца лёгкі дымок, на падворках не будуць кукарэкаць галасістыя пеўні, а вясковыя сады адзічэюць?
Васіль разважаў так і раптам спыніўся на думцы, што раней яго гэта не турбавала: ён вучыўся як вучыўся, жыў як жыў. Працу ён паважаў, не баяўся набіць на руках мазалі. Але ніколі не думаў, што ў жыцці столькі супярэчнасцей, столькі незразумелага.
Машына выехала з лесу, выскачыла на вясковую вуліцу. Як сімвал вясковага жыцця справа паказаўся абледзянелы, амаль урослы ў снег стары калодзеж. Разам з жураўлём разгойдвалася на ветры цяжкае драўлянае вядро. Дзе зараз адшукаць такі калодзеж, такое вядро, з якіх спрадвеку пілі людзі і з якіх яшчэ паспеў піць ваду і ён, Васіль?
Зніклі... Знікаюць... Як шмат што іншае знікла, знікае з таго, што жывіла і яшчэ часам жывіць і цела, і душу, што ўспрымалася і ўспрымаецца ў хвіліны радасці і смутку як своеасаблівыя сімвалы жыцця, чыстага і светлага.
Варыянт 2 (160 слоў)
Дарога была няблізкая. З акна машыны Васіль любаваўся аб’інелымі дрэвамі на вуліцах, старымі садамі. У кожнай вёсцы сярод новых цагляных дамоў чарнелі пахілыя старыя хаткі з забітымі вокнамі.
– Старыя паўміралі, а маладыя пакінулі наседжаныя месцы, паехалі працаваць або лягчэйшага хлеба шукаць, – сказаў вадзіцель.
Васіль падумаў, што, напэўна, ёсць і іншыя прычыны, чаму людзі пакідаюць зямлю. Дык няўжо наступіць час, калі з вясковых комінаў не ўзаўецца дымок, на падворках не будуць кукарэкаць пеўні, а сады адзічэюць?
Васіль разважаў так і раптам спыніўся на думцы, што раней яго гэта не турбавала.
Машына выехала з лесу, выскачыла на вясковую вуліцу. Справа паказаўся абледзянелы калодзеж. Разам з жураўлём разгойдвалася на ветры цяжкае драўлянае вядро.
Дзе зараз адшукаць такі калодзеж, такое вядро, з якіх спрадвеку пілі людзі і з якіх яшчэ паспеў піць ваду і ён, Васіль?
Шмат што знікае з таго, што жывіла і цела, і душу, што ўспрымаецца ў хвіліны радасці і смутку як своеасаблівыя сімвалы жыцця, чыстага і светлага.
Паводле У. Саламахі
Похожие статьи:
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Казкі жыцця
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Бяссмерце
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Жыцце
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...