Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сілічы
Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» знаходзіцца за 32 кіламетры ад Мінска, у маляўнічым кутку Лагойскага раёна, дзе сама прырода стварыла спрыяльныя ўмовы для адпачынку і аздараўлення. Чыстае паветра, прыгожы ўзгоркавы рэльеф, лясныя масівы з векавых дубоў і елак, багатая флора, шырокі выбар забаў, а цяпер яшчэ і комплекс медыцынскіх аздараўляльных працэдур – усё гэта можна знайсці ў «Сілічах».
Гарналыжная база ўключае ў сябе гасцінічны гарадок, дзе канцэнтруецца асноўны спектр паслуг. Гарадок складаецца з гасцініцы на 104 месцы, двух рэстаранаў з заламі рознай напаўняльнасці, домікаў для гасцей і комплекснага пункта абслугоўвання, дзе размяшчаюцца пункт пракату гарналыжнага начыння, касы, кафэ, медпункт, міні-маркет, службова-бытавыя і гаспадарчыя памяшканні.
У пачатку студзеня 2007 года ў Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» адкрылася спартыўная зала, якая зімой выкарыстоўваецца як крыты каток. Тут можна пад прыемную музыку пакатацца на каньках або пасядзець ва ўтульным кафэ на другім паверсе, назіраючы з вышыні за катком.
«Сілічы» не забыліся і пра аматараў актыўнага летняга адпачынку. Навінкай для наведвальнікаў сталі адкрытыя тэнісныя корты з універсальным еўрапейскім пакрыццём, дзе можна пагуляць не толькі ў вялікі тэніс, але і ў футбол, баскетбол, стрытбол, валейбол. Шырокі спектр паслуг спартыўнага абсталявання ўключае ў сябе: ролікавыя канькі, лыжаролеры, спартыўныя веласіпеды, квадрацыклы, міні-багі, настольны тэніс, бадмінтон, пейнтбол і шмат што іншае.
Новы атракцыён «Зорб» не пакіне раўнадушнымі паклоннікаў экстрэмальнага адпачынку. Пачаў сваю працу картынг-клуб. Для тых, хто жадае пакатацца з вецярком, ёсць 18 новых нямецкіх картаў, сістэма ўліку часу з раздрукоўкай вынікаў заезду, дзве адкрытыя трасы працягласцю 400 і 100 метраў.
Адпачынак у «Сілічах» – гэта не толькі крыштальна чыстае паветра, нечапаная прырода, камфортнае размяшчэнне ў гасцініцы, якаснае абслугоўванне ў рэстаранах і ветлівы персанал, але і комплекс спецыяльна распрацаваных медыцынскіх праграм.
Аздараўляльныя працэдуры ў цэнтры «Сілічы» – гэта сродак барацьбы са стомленасцю і стрэсам, паляпшэння агульнага стану арганізма, карэкцыі фігуры. Комплекс працэдур садзейнічае лячэнню і прафілактыцы многіх захворванняў, дапамагае пры парушэнні абмену рэчываў, пры эмацыянальных зрывах, дэпрэсіях, стымулюе імунную сістэму. Цэнтр прапаноўвае аздараўляльныя праграмы на 7-12 дзён на выбар: «Грацыя», «Дыхай лёгка», «Антыстрэс», «Тонус», «Сіндром хранічнай стамляльнасці».
(327 слоў)
(Паводле інтэрнэт-рэсурсаў)