Павольна, нясмела надыходзіла вясна. Уначы яшчэ задыхаліся ад сцюжы, а ўдзень сляпіла вочы зыркае сонца, звінелі капяжы, з-пад сумётаў выбіваліся каламутныя раўчукі. Біязінка злізвала апошнія закрайкі і набухала празрыстай крынічнаю вадою.
Сібірская вясна бурная, іскрыстая, сонечная, з шумнымі і віратлівымі паводкамі. Лажкі і нізіны становяцца азярынамі. Біязінка вырываецца з берагоў, а шырокая, зарослая чаромхаю, тальніком і глогам Тара ломіць пабурэлы лёд, крышыць крыгі і залівае па самыя макаўкі ўсё наваколле. Мясцовыя рыбакі спускаюць на ваду лёгкія асінавыя чаўны, з дарожкамі, восцямі, "павукамі", плывуць па разводдзі і вяртаюцца з чырванапёрымі акунямі, даўгарылымі шчупакамі і мноствам срабрыстых чабакоў. У затопленых кустах плёскаецца, гукае, крычыць і свішча ашалелае ад цяпла, вясны і шчасця мноства пералётнага птаства. А мне ўспамінаюцца вясна на Пцічы, набухлыя кусты бэзу, бухматыя жоўтыя коцікі на вербах, качыны гон над разводдзем і шчаслівыя, поўныя спадзяванняў гады майго юнацтва. І такі агортвае сум, такі боль гняце сэрца, што і выказаць нельга нікому.
Сышлі снягі, апалі паводкі, пасохлі груды, пацвярдзела густая, як асфальт, гразь на дарогах. Тайгу завалакла шыза-зеленаватая смуга. Пакуль не ўзняліся хмары гнусу, усе спяшаюцца на лясныя дзялянкі рэзаць на зіму дровы. За лета яны высыхаюць, як звон, і загараюцца ад аднае запалкі. Усе вялікія работы тут робяць талакою. Так косяць і стагуюць сена, ставяць дамы, садзяць і выбіраюць бульбу. Гэта самыя працавітыя таварыствы ўзаемнай дапамогі. Ідуць мужчыны, жанкі, старыя і дзеці, і работа кіпіць, пакуль не будзе ўсё зроблена. Суровая Сібір прадыктавала свае мудрыя законы.
(236 слоў)
Паводле С. Грахоўскага