Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сёмае акно

   Напэўна, гэта дужа сумны занятак – прадаваць на пошце маркі? Як вы лічыце?
   Відаць, вы ніколі не задумваліся над такім пытаннем. I я таксама. А вось пасля ўчарашняга дня думка аб гэтым не выходзіць з маёй галавы. Колькі ўжо гадзін сяджу я ў сваім пакойчыку на трэцім паверсе і ўсё думаю, думаю, думаю... А божачкі, якая ж гэта сумная, мусіць, справа – прадаваць маркі! I як толькі я адважылася на такое!..
   Многа ўсялякіх парад давалі мне сяброўкі. Вера настойвала, каб я ішла сакратаркай у міністэрства сельскай гаспадаркі, дзе яна сама працавала ў нейкім аддзеле. Тоня ледзь не разраўлася, даводзячы, што мне абавязкова трэба стаць кінаартысткай: у мяне, маўляў, незвычайны талент, і будзе вялікі грэх, калі я загублю яго ў самым зародку. А Надзя безапеляцыйным тонам гаварыла, што я павінна вучыцца далей і толькі ў політэхнічным інстытуце, бо проста не маю права здраджваць сямейнай традыцыі.
   Не, я не паслухала іх. Я вырашыла, што сама выберу сабе занятак.
   I выбрала!..
   I вось я сяджу на ложку і думаю, думаю... Ужо раніца. Праз якую гадзіну трэба ісці на працу. На пошту. Прадаваць маркі.
   Зазваніў будзільнік. Гэта я ўчора звечара накруціла яго, каб не праспаць...
   На дварэ ідзе дождж. Фортка ў пакой адчынена, і я чую, як кроплі з шумам падаюць на лістоту клёна, што расце пад самым маім акном. Чамусьці ўяўляецца, быццам клён курчыцца, уздыхае і вось-вось пачне скардзіцца мне на панылы, надакучлівы дождж.
   Я бяру парасон і выходжу з дому. У наш завулак залятае гарэзлівы ветрык. Стары клён нездаволена калыша галлём, пакуль я не збочваю на вуліцу.
   Прыгадалася... Аднойчы, калі я была яшчэ зусім маленькая, бабуля-нябожчыца мне неяк сказала:
   – Ох, і язычок у цябе, Ганначка! I трашчыш, і трашчыш – ну чыста сарока. Тых, у каго язык доўгі, пасылаюць на пошту. Стаяць яны там, высунуўшы свае языкі, а людзі падыходзяць і мачаюць аб іх свае маркі.
   Мілая мая бабуля, каб жа гэта ты ведала, куды я зараз іду!.. Вялікі старадаўні гадзіннік, што стаяў на падлозе і ўзвышаўся ледзь не да сярэдзіны сцяны, прабіў дзевяць разоў.
   – Прабачце... – пачуўся разгублены голас. – Грошы ў старым касцюме засталіся... Ну, што ты скажаш – ні капейкі!
   У акно разгублена, то бялеючы, то чырванеючы, глядзеў малады чалавек, з выгляду студэнт. На ім быў новенькі каверкотавы касцюм з ледзь прыкметнай блакітнай палоскай і шэры капялюш. I яшчэ мне запомніўся яго ярка-чырвоны гальштук, завязаны на вялікі вузел.
   – Што ж цяпер?.. – збянтэжана прамовіў малады чалавек, круцячы ў руках канверт. – Прамок, разумееце, раніцой, забег пераапрануцца, і вось – на табе... Што ж рабіць? – Ён разгублена зірнуў на мяне.
   – А нічога! – сказала я. – Прынесяцё пры выпадку, другім разам.
   Малады чалавек неяк няўмела, адчуваючы няёмкасць, стаў дзякаваць, ён некалькі разоў паўтарыў, што вядома ж, абавязкова прынясе грошы, прынясе сёння ж. Я заўважыла, што калі ён выходзіў з залы, то павярнуўся і яшчэ раз паглядзеў на мяне...
   Перад самым заканчэннем майго першага працоўнага дня прыйшоў начальнік аддзела кадраў Гур’янчык.
   Гэты... студэнт не прыходзіў?
   – Не...
   – Чакайце, прыйдзе, а як жа! – У голасе Гур’янчыка гучала іронія. Ён патаптаўся крыху на месцы, адышоў, потым зноў падышоў да майго стала. – Вы вось што... Пакладзіце ў касу. – I, кінуўшы мне на стол дзве саракоўкі, Гур’янчык кароткімі сваімі крокамі выбег за дзверы. Не паспелі дзверы зачыніцца за ім, як я пачула ў акенцы знаёмы голас:
   – Ледзь не спазніўся! Вось... Дзякую вам...
   На мой стол побач з манетамі Гур’янчыка ляглі яшчэ дзве... Вось і скончыўся мой першы дзень. Заўтра я зноў буду прадаваць маркі. Каму ж прыйдзецца заўтра ўручаць іх?..
   Я ведаю, каму. Прыходзьце, маё акно – сёмае.
(570 слоў)

Паводле Я. Васілёнка.

Похожие статьи:

ПераказыЛюдская ўвага і ўдзячнасць